Жанрава-стылёвая разнастайнасць і тэматычная шматпланавасць творчасці Вацлава Ластоўскага
ГГУ им.Ф.Скорины (Гомельский государственный университет)
Диплом
на тему: «Жанрава-стылёвая разнастайнасць і тэматычная шматпланавасць творчасці Вацлава Ластоўскага»
по дисциплине: «Белорусская филология»
2018
251.00 BYN
Жанрава-стылёвая разнастайнасць і тэматычная шматпланавасць творчасці Вацлава Ластоўскага
Тип работы: Диплом
Дисциплина: Белорусская филология
Работа защищена на оценку "9" без доработок.
Уникальность свыше 80%.
Работа оформлена в соответствии с методическими указаниями учебного заведения.
Количество страниц - 59.
Поделиться
Уводзіны
1. Асаблівасці тэматычнай і жанрава-стылёвай разнастайнасці прозы В. Ластоўскага
2. Разнастайнасць і актуальнасць праблематыкі прозы Вацлава Ластоўскага
3. Шматпланавасць творчага таленту В. Ластоўскага
4. Паэзія Вацлава Ластоўскага
Заключэнне
Спіс выкарыстаных крыніц
Уводзіны
Перыяд канца XIX – пачатку XX ст. займае асаблівае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. У гэты час назіраецца бурны рост нацыянальнай свядомасці беларусаў, у выніку чаго пачалося інтэнсіўнае развіццё культуры, адбыўся небывалы росквіт літаратуры ў розных яе родах і жанрах, складваліся новыя творчыя метады і накірункі. Асэнсаванне гэтых працэсаў у літаратуры атрымала назву Беларускага Адраджэння – аднаўлення гвалтоўна перарванай лініі сацыяльна-гістарычнага і культурнага развіцця беларускага народа.
Адбывалася аднаўленне права на нацыянальную мову, а на гэтай аснове – адраджэнне літаратурных традыцый, адукацыі і асветы на роднай мове, адраджэнне згубленых культурных сувязей, гістарычных помнікаў старажытнага пісьменства, эпісталярнай спадчыны.
А адсюль вынікаюць і пэўныя задачы літаратурнага руху, як яны сфармуляваны ў розных выданнях гэтага перыяду: 1) несці веды ў масы, 2) змагацца за згуртаванне мас дзеля дасягнення агульнанародных мэтаў, за сацыяльныя і нацыянальныя правы і 3) імкнуцца да аднаўлення старых каштоўнасцей, адраджэння беларускага пісьменства, нацыянальных звычаяў і традыцый, за пашырэнне духоўнага багацця народа.
Актывізацыя кнігадрукавання, з'яўленне першых перыядычных выданняў на беларускай мове, газет «Наша доля» і «Наша Ніва», часопісаў і альманахаў «Загляне сонца і ў наша аконца», «Палачанін», «Саха садзейнічала кансалідацыі сіл творчай інтэлігенцыі, узмацненню яе ролі ў асветніцтве і выхаванні народа, распаўсюджанню ведаў і культуры сярод шырокіх гарадскіх і сялянскіх мас.
Адной з яркіх постацей на ніве беларускага Адраджэння з’яўляецца В. Ластоўскі. Вацлаў Юстынавіч Ластоўскі (1883–1938) меў складаны і трагічны лёс. Публіцыст, пісьменнік, гісторык, паэт, філолаг, этнограф, грамадскі і палітычны дзеяч, старшыня ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі, акадэмік Беларускай Акадэміі Навук, які воляй абставін не атрымаў нават сярэдняй адукацыі. Асоба Вацлава Ластоўскага займае важнае месца ў гісторыі Беларусі першай паловы ХХ ст. Гэта быў выдатны гісторык, чалавек вялікай эрудыцыі, патрыёт. Ён стварыў першае даследаванне па гісторыі Беларусі ад старажытнасці да пачатку ХІХ ст., якое дало штуршок развіццю нашай навукі. Валодаючы энцыклапедычнымі ведамі, здольнасцю глыбока аналізаваць і аднаўляць гістарычныя падзеі, ён праявіў сябе ў многіх галінах ведаў: гісторыі, мовазнаўстве, літаратуразнаўстве, краязнаўстве, грамадазнаўстве.
Усё жыццё ён марыў пра тое, каб прывесці Беларусь да незалежнасці, і пра тое, каб змяніць нацыянальную самасвядомасць і нават светапогляд беларусаў, зрабіць з іх зусім іншы народ – “крывічоў”, а незалежную “Крывію-Беларусь” увесці ў федэрацыю балтыйскіх народаў.
В. Ластоўскі не толькі вядомы грамадска-палітычны дзеяч, але і выдатны літаратар. Друкаваўся Ластоўскі з 1909 года (псеўданімы Власт, Юры Верашчака, Арцём Музыка, Сваяк, Палачанін, Ю. Сулімірскі і інш.). Аўтар гістарычнай аповесці «Лабірынты» (1923), сцэнічнага эпізода з жыцця Ф. Скарыны («Адзінокі», 1923). Складаў чытанкі для дзяцей. Апрацоўваў гістарычныя легенды. Аўтар апавяданняў, артыкулаў пра С. Палуяна, П. Багрыма, Ц. Бычкоўскага, К. Каліноўскага, В. Цяпінскага і інш., успамінаў пра М. Багдановіча, Я. Купалу, «нашаніўскі перыяд». Перакладаў з рускай (А. Талстой), англійскай (Р. Кіплінг, Б. Мэон), польскай (Э. Ажэшка, А. Валодзьскі, К. Тэтмаер), дацкай (Х. К. Андэрсен) і іншых моў. У 2012 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» ажыццявіла факсімільнае выданне «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» – самай значнай працы расстралянага ў 1938-м акадэміка.
Параскiданыя па розных, мала даступных цяпер крынiцах шматлiкiя творы Вацлава Ластоўскага вяртаюцца сёння да чытача, вяртаюцца, каб заняць сваё пачэснае i законнае месца ў нашай лiтаратуры. Вяртаецца з беспадстаўнага выгнання, з пакутнай нематы гвалтоўна адарваны ад нас верны сын Беларусi.
Мэта дыпломнай работы: раскрыць жанрава-стылёвую разнастайнасць і тэматычную шматпланавасць творчасці В. Ластоўскага.
Для дасягнення мэты трэба вырашыць наступныя задачы:
- раскрыць асаблівасці тэматычнай і жанрава-стылёвай разнастайнасці прозы В. Ластоўскага;
- вызначыць разнастайнасць і актуальнасць праблематыкі прозы Вацлава Ластоўскага;
- вызначыць асаблівасці шматпланавасці творчага таленту В. Ластоўскага;
- разгледзець асаблівасці паэзіі В. Ластоўскага.
Аб’ектам даследавання стала творчасць В. Ластоўскага.
Прадмет даследавання – жанрава-стылёвая разнастайнасць і тэматычная шматпланавасць творчасці В. Ластоўскага.
Тэарэтычнай асновай дадзенага даследавання паслужылі работы навукоўцаў, што з’яўляюцца даследчыкамі творчасці В. Ластоўскага (Я. Янушкевіч, В. Барысенка, П. Васючэнка, А. Макарэвіч і інш.).
1. Асаблівасці тэматычнай і жанрава-стылёвай разнастайнасці прозы В. Ластоўскага
Адным з асноўных навуковых паняццяў гісторыка-літаратурнага працэсу з'яўляецца жанр. Жанр вызначаецца як паняцце, якое склалася гістарычна як тып мастацкага твора ў адзінстве формы і зместу.
Як адзначае В. Яцухна, ва ўжыванні тэрмінаў «від» і «жанр», якімі абазначаецца ўнутранае структурна-падпарадкавальнае і функцыянальнае чляненне твораў мастацкай літаратуры, няма пэўнага адзінства. Так, у большасці даведачных выданняў па літаратуразнаўству свярджаецца, што від з’яўляецца катэгорыяй больш агульнай у адносінах да жанру. На практыцы ж гэтыя паняцці вельмі часта змешваюцца, атаясамліваюцца, а то і зусім палярна ўзаемазамяняюцца [37, с. 166].
Па азначэнні В.Рагойшы, “жанр – гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып мастацкай фрмы, дзе структура пэўных фармальных прыкмет (архітэктанічных, вобразных, моўных) выяўляе больш-менш канкрэтны паэтычны сэнс” [28 ,с. 395].
Літаратурны жанр – гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып мастацкай формы, дзе структура пэўных фармальных прыкмет выяўляе больш-менш канкрэтны мастацкі сэнс. Кожная жанравая форма звязана з пэўным зместам, аднак у выніку сваёй адноснай самастойнасці яна ў працэсе свайго літаратурнага жыцця можа выражаць новы жанравы змест. Пры гэтым з ёю адбываецца некаторая трансфармацыя. Так узнікаюць жанравыя мадыфікацыі.
Кожны з трох родаў літаратуры (эпас, лірыка, драма) мае свае літаратурныя жанры. Так, сярод лірычных твораў вылучаюцца філасофска-медытатыўныя (медытацыя, пасланне, стансы, ямбы, філасофскі верш, элегія), велічальныя (ода, дыфірамб, панегірык, апалог, мадрыгал, гімн, эпітафія, рацэя, эпіталама), песенныя (раманс, песня, серэнада, марш, псалом, кантата, альба, баркарола, канцона), сатырычна –выкрывальныя ( эпіграма, пародыя, сатыра). Эпас таксама мае жанры. Наогул, першапачатковымі ў літаратуры былі менавіта эпічныя жанры: эпапея, быліна, дума, сказ, гутарка, вершаваная казка, легенда. Пазней да іх далучыліся розныя віды (раман, аповесць, апавяданне, нарыс, рэпартаж) і жанры літаратуры (сацыяльна-бытавы раман, гістарычная аповесць, фельетон, памфлет, гумарэска і іншыя). Усім ім характэрна ўзнаўленне знешніх з’яў рэчаіснасц і ў іх аб’ектыўнай сутнасці, паступова-лагічным (сюжэтным) развіцці.
Што да драмы як роду літаратруры, для якой асноўнае – выяўленне скразнога напружанага дзеяння ў дыялагічнай форме, то яна мае свае віды (трагедыя, камедыя і ўласна драма) і літаратурныя жанры (філасофская трагедыя, лірычная камедыя, сацыяльна-бытавая драма, меладрама і іншыя). Амаль кожны жанр літаратуры змяшчае асобныя жанравыя разнавіднасці, што прадвызначаюцца канкрэтным зместам твора. Так, эпіграма можа быць літаратурнай, палітычнай, сацыяльна-бытавой, песня – інтымна-лірычнай, гістарычнай, патрыятычнай і гэтак далей [28, с. 395].
Паколькі паміж рознымі відамі і родамі літаратуры няма глухой мяжы, то ўзаемадзеянне, узаемапранікненне іх прывяло да ўзнікнення шэрага ліра-эпічных (балада, паэма, версэт) і ліра-драматычных (байка, драматычная паэма) жанраў. Так узніклі трагікамедыя, фарс-вадэвіль, сатырычная элегія, гімн, раманс.
У працэсе развіцця літаратуры яе жанравы дыяпазон увесь час змяняецца. Адны жанры літаратуры ўзнікаюць, другія – звужаюць сферу свайго бытавання або зусім знікаюць (рыцарскі раман, воінская аповесць, інтэрмедыя, эклога, эпіталама, ідылія, мадрыгал, канцона), трэція – істотна мяняюць сваю змястоўную сутнасць. Напрыклад, у антычнай літаратуры эпіграма зусім не мела сатырычнай скіраванасці. Гэтым тэрмінам называлі любы лаканічны верш на сцяне храма, помніка, што набываў самастойнае значэнне.
Калі выбар роду літаратуры звычайна прадвызначаецца характарам таленту пісьменніка, выбар жанру – перш за ўсё прадметам адлюстравання, аўтарскімі адносінамі да яго.
Для кожнага перыяду літаратурнага развіцця характэрны пэўныя віды жанраў літаратуры. Так, калі ўзяць вершатворчасць, у беларускай літаратуры 16-18 стагоддзяў пераважалі вершы духоўныя, панегірыкі, рацэі. У 19 стагоддзі набываюць пашырэнне элегіі, байкі, паэмы, медытацыі, песні. Па колькасці і характары асобных відаў, жанраў і іх разнавіднасцей можна меркаваць пра багацце мастацкіх здабыткаў тых ці іншых пісьменнікаў і цэлых нацыянальных літаратур.
Дакументальна-мастацкая літаратура – сукупнасць літаратурных твораў розных відаў і жанраў, якія заснаваны на рэальных падзеях, з’явах, жыцці канкрэтных людзей. Сюды адносяцца даўнія летапісы, хронікі, агіяграфічныя творы, мемуары. Самымі тыповымі ўзорамі дакументальна-мастацкай літаратуры з’яўляюцца нарысы, біяграфічныя або аўтабіяграфічныя творы, дзённікі. Ад гістарычнай літаратуры дакументальна-мастацкая адрозніваецца тым, што ў ёй не асобныя рэаліі (персанажы, падзеі, месца дзеяння) маюць першаўзоры, а літаральна ўсе: апісваюцца пад сваімі найменнямі падзеі, людзі, паселішчы, вадаёмы.
2. Разнастайнасць і актуальнасць праблематыкі прозы Вацлава Ластоўскага
Упершыню праявіць свае літаратурныя здольнасці Вацлаў Ластоўскі змог у газеце “Наша Ніва”, пачынаючы з 1909 г., дзе былі надрукаваныя яго першыя апавяданні, казкі, паданні. Пасля яны ўваходзілі ў выданні “Маладая Беларусь” (Пецярбург, 1912), газету “Гоман”, у “Беларускім календары “Сваяк” на 1919 г.”, часопісах “Беларускі сцяг”, “Крывічанін”, “Крывіч”. Пад назвай “З нашай мінуўшчыны” сабрана цэлая нізка кароткіх апавяданняў і малых матэрыялаў, змешчаных у адной з першых дзіцячых чытанак-хрэстаматый, выпуск якіх наладзіў Вацлаў Ластоўскі ў 1915 – 1916 гг.
Мастацтва слова Вацлаў Ластоўскі разумеў як сродак дзейснай эстэтычнай рэпрэзентацыі пэўнага народа. Ён даводзіў, што літаратура павінна выяўляць інтарэсы ўсяго грамадзянства, а не асобнага яго пласта. Паводле яго, любы пісьменнік свядома ці падсвядома ў сваіх творах узнаўляе тую рэчаіснасць, якая яго ўзгадавала [20, с. 12-13]. Такім чынам, В. Ластоўскі выступае ў сваіх мастацкіх гістарычных творах як пасіўны носьбіт рэчаіснасці і мінулага, ствараючы той ці іншы вобраз.
Пісьменнік адлюстроўвае з’явы і падзеі, што ўжо адбыліся, як тыя, што на самай справе могуць альбо павінны здзейсніцца толькі ў будучым, што, па сутнасці, з’яўляюцца мэтай, абавязкам, а не сапраўднасцю мінулага. У такіх аўтарскіх легендах як “Князёўна Рагнеда”, “Ізяслаў”, “Усяслаў”, “Вітаўт і Ягайла” паказаны рэальны час [36, с. 457].
Як вядома, Вацлаў Ластоўскі не раз спрабаваў даць азначэнне гісторыі як навукі і як грамадскай з’явы. Падае ён і мастацкую інтэпрэтацыю тэрміна: “Гісторыя – гэта такая пані, каторая любіць праўду сказаць кожнаму ў вочы, не зважаючы ні на стан, ні становішча зацікавіўшай яе асобы” [19, с. 110]. Тым самым пісьменнік падкрэслівае справядлівасць і непадкупнасць гісторыі, якая хавае ў сабе мноства таямніц, да раскрыцця якіх не кожны стан грамадства гатовы.
Разам з тым пісьменнік стварае і запатрабаваныя грамадскай думкай “нацыянальна-гістарычныя” мастацкія палотны, якія раскрываюць знакавыя для нацыянальнай ідэі матывы і вобразы: легенды “Векавечная мяжа”, “Сож і Дняпро”.
Вацлаў Ластоўскі звяртаецца да адметнай фальклорнай стылізацыі, увасабляючы ў легендарнай форме шэраг знакавых для беларускай гісторыі персанажаў. Так, асобную групу апавяданняў легендарнага тыпу, паводле азначэння Вольгі Барысенкі, складаюць “Беларускі радавод”, “Князёўна Рагнеда”, “Ізяслаў”, “Усяслаў”, “Бітва каля Магільны”, “Вітаўт і Ягайла”, што аб’яднаныя ў своеасаблівы храналагічны ланцужок. З гэтага пераліку выбіваюцца “Беларускі радавод” (аўтар гістарыязуе міфалагічны беларускі імянаслоў) і “Бітва каля Магільны” (інтэпрэтуецца гістарычны факт). Аднак астатнія чатыры творы расказваюць пра гістарычных персанажаў: аўтар імкнецца распавесці свайму сучасніку пра пакуль што малавядомага героя, асэнсаваць значэнне гэтай гістарычнай асобы, вызначыць яе месца ў мінулым.
Адраджэнскі характар нацыянальнай літаратуры пачатку ХХ ст. прадвызначаў асэнсаванне беларускімі аўтарамі гісторыі свайго народа, пошуку ў мінулым узораў гістарычнага ідэалу для сучаснікаў. Гэты гістарычны ідэал мусіў падкрэсліць слаўнасць мінулага беларускага народа, яго вартасць і годнасць; мэтаю яго было сцверджанне гістарычнай значнасці беларускай мінуўшчыны. Гэта ў сваю чаргу спрыяла разбурэнню “зверху ўкартаванай палітыкі, каторая кажа: “Будзь тым або тым, але сабой быць не можаш”.
Будзь маскалём, будзь палякам, але калі захочаш застацца беларусам – вымірай, станься «нячыстым», да смерці «хамам»” (В.Ластоўскі: артыкул “Бяздомныя” [20, с. 282]).
“Важкі фундамент” “багатай” (В.Ластоўскі) беларускай гісторыі па-мастацку і на канцэптуальнай аснове асэнсоўваўся ў творах Я.Купалы, М.Багдановіча, В.Ластоўскага з арыентацыяй на галоўную грамадзянскую мэту: каб беларус захацеў застацца беларусам.
Гэтай мэце служылі і “народныя сказы”: легенды і паданні ў выкладзе В.Ластоўскага, яго “Кароткая гісторыя Беларусі”, аповесць “Лабірынты” і інш. творы пісьменніка.
Мастацкія прыкметы “народных-сказаў”-паданняў В.Ластоўскага (“Князёўна Рагнеда”, “Ізяслаў”, “Усяслаў”, “Бітва каля Магілы”, “Вітаўт і Ягайла”) адпавядаюць агульнапрынятаму жанраваму вызначэнню падання [7, с. 303; 68, с. 132].
У гэтым кантэксце варта адзначыць, што Я.Янушкевіч называе раздзел “З нашай мінуўшчыны” “нізкай кароткіх гістарычных апавяданняў і матэрыялаў”. Сярод іх якраз і былі паданні ў выкладзе В.Ластоўскага: “Князёўна Рагнеда”, “Ізяслаў”, “Усяслаў”, “Бітва каля Магілы”, “Вітаўт і Ягайла”.
Гэтыя творы ўтрымліваюць звесткі аб рэальных гістарычных асобах і падзеях мінулага. Гістарычная фактуальнасць у іх вар’іруецца ў бок большай ці меншай верагоднасці. Часам адбываецца праз белетрыстычнае звужэнне або пашырэнне яе адыход ад фактычнай першаасновы. Гэта ў сукупнасці з аўтарскай інтэрпрэтацыяй падзей садзейнічае збліжэнню падання з легендай.
3. Шматпланавасць творчага таленту В. Ластоўскага
Разгляд творчай спадчыны В. Ластоўскага быў бы няпоўным без яго публіцыстычнай і навуковай дзейнасці.
У публіцыстыцы, асабліва ў нашаніўскіх артыкулах «Сплачвайце доўг» (1913), «Па свайму шляху!» (1914), выступаў супраць рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў літаратуры. Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі, непрыхільна ставіўся да марксізму.
“Для нас вельмі важна вырваць наш народ з-пад рускага гіпнозу, паказаць яму іншыя каштоўнасці і шляхі нацыянальнага жыцця, звярнуць увагу на неабходнасць больш цеснага збліжэння з нашымі прыбалтыйскімі суседзямі”, – пісаў ён у 1924 годзе [19, с. 437].
У 1910 годзе Вацлаў Ластоўскі выдаў «Кароткую гісторыю Беларусі» – першую кнігу, у якой была спроба абгрунтаваць беларускі характар Вялікага княства Літоўскага. Канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду ўласна-нацыянальнай гісторыі (падзеі даведзены да 1905). У «Нашай ніве» ў рубрыцы «3 нашай мінуўшчыны» і ў газеце «Гоман» змясціў шэраг артыкулаў па гісторыі Беларусі. Некаторыя з іх склалі асобнае выданне «Калісь і цяпер: Гістарычна-грамадзянскія нарысы» (Вільня, 1918). У пачатку 1920-х гг. працаваў над «Нарысамі беларускай гісторыі», якія па сутнасці ўяўляюць сабой першую беларускую энцыклапедыю гісторыі Беларусі і складзены з розных тэрмінаў і паняццяў з беларускай мінуўшчыны (машынапісны экзэмпляр захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі АН Літвы). Даследаваў старажытна-беларускую літаратуру, гісторыю і паходжанне назвы Беларусь.
«Гісторыя – гэта фундамент, на каторым будуецца жыццё народа. I нам, каб адбудаваць сваё жыццё, трэба пачаць з фундаменту, каб будынак быў моцны. А фундамент у нас важны, гісторыя наша багата...», – сцвярджаў у прадмове да кнігі «Кароткая гісторыя Беларусі» В. Ластоўскі [19, с. 16]. У манаграфічнай брашуры малады гісторык канцэптуальна абагульніў вядомыя факты пра мінулае Беларусі з погляду гісторыі ўласнанацыянальнай, упершыню падрабязна спыніўшыся на паасобных постацях і падзеях. «Кароткая гісторыя Беларусі» выкладзена храналагічна ў пяці раздзелах: 1. Ад першых часоў да ўцёку полацкіх князёў у Літву (1129); 2. Ад вяртання іх (1132) да смерці кн. Вітаўта (1430); 3. Ад смерці Вітаўта да падпісання Люблінскай уніі (1569); 4. Ад Люблінскай уніі да падзелаў Рэчы Паспалітай (канец XVIII ст.); 5. «Беларусь пад Расеяй» (падзеі даведзены да 1905 г., калі «беларусам было пазволена друкаваць кнігі і газеты ў сваёй роднай мове»).
Выхадам «Кароткай гісторыі Беларусі» Власта беларуская літаратура нашаніўскай пары набыла так патрэбныя ёй пэўныя арыенціры, каб упэўнена крочыць у будучыню. Гэтай цвёрдай пэўнасці не ставала тады многім, нават свядомым беларусам, гатовым самаахвярна служыць ідэі нацыянальнага адраджэння. “Без Вацлава Ластоўскага, без ягонай «Кароткай гісторыі Беларусі» з «40 рысункамі» шмат каму з сучаснікаў давялося б пакутліва доўга аднаўляць гістарычную памяць. Самавук з хатняй адукацыяй адчуў пільную неабходнасць часу, калі абуджанаму з летаргічнага сну народу патрэбна было падаць элементарныя звесткі пра мінулае Бацькаўшчыны. Апантаны навуковец здаволіў застаялы гістарычны голад сучаснікаў”, – адзначае Я. Янушкевіч [35, с. 435].
Апроч манаграфічнага выдання шырокія звесткі пра Беларусь Ластоўскі падаваў у сваіх публікацыях «Дзе мы жывем і колькі нас?», «Якога мы роду-племені». Яны пазней складуць асобнае выданне «Што трэба ведаць кожнаму беларусу?» (1918). Гістарычнаму мінуламу Беларусі прысвечаны шматлікія публікацыі на старонках «Нашай Нівы», дзе адказны сакратар завёў спецыяльную рэдактарскую калонку «3 нашай мінуўшчыны»: «Колькі слоў аб даўнай веры беларусаў»; «Станы ў старой Беларусі»; «Копныя суды»; «Гарадэльская унія»; «Наша старая слава»; «Хлебаробства на Беларусі ў даўныя часы» і інш. Сярод іх вылучаецца «Беларускі радавод» (1913), у якім літаратурна апрацавана паходжанне 160 «радоў нашых».Ластоўскі раскрываўся і як фалькларыст, і як этнограф, і як мовазнаўца. Паводле ўласнага прызнання, як мовазнаўца ён бярэ пачатак «ад 1902 году», калі стаў занатоўваць «цікавыя» словы. На-пачатку запісвае іх для сябе, бо вельмі ж «асабіста цікава было слова само па сабе». У 1924 г. надрукаваў «Падручны расійска-крыўскі слоўнік», які акрамя асноўнага лексічнага масіву ўключаў: руска-беларускі слоўнік асабовых імён «Крыўскі (беларускі) іменьнік»; слоўнік тэрмінаў арніталагічных «Назовы птахаў» і батанічных – «Іменьнік расьцін».
У слоўніку беларускай вайсковай тэрміналогіі «Вайсковая каманда» апроч народнай лексікі прапаноўваў шмат уласных лексічных вынаходак і да добрага, сапраўднага матэрыялу дадаў шмат выдуманага, і, паводле думкі Я. Станкевіча, выдуманага несістэмна. “На жаль, адсутнасць спецыяльнай філалагічнай адукацыі адбілася на слоўнікавай структуры. Толькі прыроджанае моўнае чуццё і яркія літаратурныя здольнасці Вацлава дапамаглі яму стварыць даведнік шмат у чым аўтарскі, з выразнымі індывідуальна-творчымі рысамі. Калі ў «здаровай народнай стыхіі» не знаходзілася адпаведнікаў, курс браўся на наватворы. Пераважна з-за іх да «Падручнага расійска-крыўскага слоўніка» як нарматыўнага сёння належыць падыходзіць умоўна” [35, с.440].
4. Паэзія Вацлава Ластоўскага
Вацлаў Ластоўскі вядомы не толькі сваімі празаічнымі творамі, публіцыстычнымі выказваннямі, але і паэтычнымі радкамі.
Паэтычная творчасць В. Ластоўскага цесна звязана перш за ўсё з вядомай дыскусіяй пачатку ХХ ст. у газеце “Наша ніва” наконт таго, што павінна адлюстроўваць беларуская паэзія. З аднаго боку, у ёй абаранялася права беларускіх песняроў на ўсебаковы, без прыкрас, паказ беларускага народнага жыцця, з другога боку, В. Ластоўскі, як адзін з ініцыятараў дыскусіі, намагаўся вывесці паэзію на іншыя эстэтычныя абсягі, паставіць у цэнтр эстэтычнай мадэлі не «нядолю», а «красу». Па меркаванні І. Багдановіч, ён меў рацыю ў прынцыпе як стратэг беларускага літаратурнага жыцця, які рупіўся аб яго высокім еўрапейскім узроўні, дзе на той час панавала выкшталцоная размаітасць мадэрнісцкіх плыняў і рафінаванасць эстэтычных густаў [3, с. 190]. Гэта не значыла, што Ластоўскі дбаў аб прастадушным перайманні рафінаваных узораў, адмаўляў у прынцыпе рэалізм ці штурхаў беларускую паэзію ў абдымкі так званай дэкадэншчыны, хоць дэкаданс як з'ява патрабуе зрэшты ў сённяшнім часе сваёй рэабілітацыі і новага ўзроўню разумення.
Як лічыць І. Багдановіч, Ластоўскаму рупіла найперш тое, каб беларуская паэзія арганічна і натуральна ўспрымалася як роўная ў еўрапейскім паэтычным кантэксце. Для гэтага ў ёй павінны былі быць адлюстраванымі не толькі праўдзівасць непрыгляднай рэчаіснасці і гістарычная несправядлівасць у дачыненні да беларускага народа. У ёй мусіла ўзнікнуць новая рэчаіснасць, пераствораная высокім творчым духам, дзе б сакралізаваліся традыцыйныя нацыянальныя каштоўнасці і агульначалавечы сэнс быцця [3, с. 190].
Трэба адзначыць, што ў беларускай літаратуры ўжо былі прадстаўленымі такія ўзоры слоўнага мастацтва, бо трывалае месца на беларускім Парнасе ўжо займаў Максім Багдановіч, кніжку якога «Вянок» сам жа Ластоўскі рыхтаваў да друку. Я. Купала на той час таксама быў ужо аўтарам мадэрнісцкай паэтычнай драмы «Сон на кургане», рамантычных паэм і вяршыннага зборніка «Шляхам жыцця». Коласа на той момант таксама нельга было вызначыць толькі як песняра, які апяваў сацыяльную нядолю, бо ён распачаў тады «Новую зямлю» і «Сымона-Музыку».
«Феномен наватарства... з усёю заканамернасцю перарастае ў феномен авангардызму, як толькі робіцца радыкальная спроба абнаўлення ўсталяваных норм паэтыкі», – слушна пісала ў свой час А.Кабаковіч, даследуючы беларускі свабодны верш і маючы на ўвазе тут прынцыповы перагляд паэтычных традыцый у 20-я гады маладнякоўцамі [13, с. 7]. З пункту гледжання тэматыкі, вобразнасці і ідэі нацыянальнага адраджэння, бясспрэчна, 20-я гады ў савецкай Беларусі сталі часам наватарства і авангардызму, асноўны прынцып якога можна акрэсліць новым змястоўным тэрмінам рэвалюцыйнага канцэптуалізму.
Сам Ластоўскі да паэтычнай творчасці звярнуўся амаль у 40 гадоў. Перад тым ён паэзіяй не займаўся і, можна смела сцвярджаць, нават не захапляўся. Найбольшае, што ён мог, – прызнаваць яе існаванне. Але, звярнуўшыся да паэзіі, выявіў сябе нетрадыцыйным майстрам вершатэхнікі. I ў ёй працягваў сцвярджаць ідэю змагання за незалежную Беларусь. Ластоўскі-паэт дэбютаваў на пачатку 1922 г., у першым нумары часопіса «Беларускі сцяг»:
Наперад, змагарна наперад!
Да волі цярэбячы троп,
Штодзённа ўскіпаем мы гневам
I помсту шлюбуем па гроб!
Нахрапнаю крыўдай не ўздзержыць
Вам вольны ў кайданах прастор:
3 дум горкіх, з сэрц нашых гартоўны
Скуем мы з праклёнам тапор [20, с. 201].
Часопіс «Крывіч», выдаваны ім у Коўна таксама неаднойчы аздаблялі вершы нястомнага сейбіта беларушчыны ў далёкай эміграцыі. У паэзіі, як і ва ўсёй яго літаратурнай творчасці, скразным лейтматывам праходзіць ідэя служэння роднай Бацькаўшчыне. Толькі ў гэтым сэнс творчасці, толькі ў гэтым магчымасць выйсця на сусветныя торныя шляхі:
Паэт, ты вольнага Пегаса
ў прыгожых дум ярмо ўпрагай
і тучны чарназём
мінуўшчыны радзімай
у скібы стройныя складай!
Бо толькі гэта глеба
дасць нам жаданы агаяквет,
якім крывіцкі геній
счаруе свет.
Бо толькі родны чарназём,
цяплом духовым абагрэт,
здалее даць пітомнае красы
прадзіўны квет [20, с. 290].
Заключэнне
Па выніках дадзенага даследвання можна зрабіць наступныя вывады.
1. У літаратуры пачатку ХХ ст. В.Ластоўскі знаходзіўся ля вытокаў беларускай мастацкай прозы на гістарычную тэму. У прыватнасці, гэта тычыцца такога кірунку ў нацыянальным прыгожым пісьменстве, як адлюстраванне гісторыі краіны, народа, яго культуры і, адпаведна, дзейнасці пэўных гістарычных асоб у форме мастацкай версіі гістарычнага факта. В.Ластоўскі адносіцца да ліку пісьменнікаў у нацыянальнай літаратуры пачатку ХХ ст., якія ішлі па шляху канцэптуальнага мастацкага адлюстравання сучаснай ім рэчаіснасці і гістарычнага мінулага. Сведчаннем служаць яго мастацкія творы і навуковыя працы: сэнсавая канцэптуальная сукупнасць, з аднаго боку, яго аповесці “Лабірынты” і “Кароткай гісторыі Беларусі”, з другога боку, тэндэнцыі да канцэптуальнага сэнсавага яднання з першай акрэсленай сукупнасцю яшчэ і “народных сказаў”, перададзеных пісьменнікам у мастацкай форме.
2. У жанравым сэнсе празаічныя творы В. Ластоўскага вызначаюцца разнастайнасцю: апавядальная гісторыя; абразок; народны сказ; прыпавесць; імпрэсія і інш. У гэтых творах прысутнічаюць фальклорныя вобразы і паэтыка, маральна-дыдактычны характар са сфармуляванай непасрэдна і апасродкавана ў іх фінале мараллю; гумарыстычныя элементы і інш.
3. Талент В. Ластоўскага шматгранны. Ён праявіў сябе і як празаік, і як паэт, і як навуковец. У сталым узросце Вацлаў Ластоўскі раскрыў сябе і як мемуарыст. Ягоныя каларытныя ўспаміны пра ўласнае маленства і вучобу жыва і ярка дапаўняюць воблік беларускага мястэчка канца XIX ст., даносяць шматлікія звычаі, абрады, якія цяпер не захаваліся. У публіцыстыцы В. Ластоўскі выступаў супраць рэвалюцыйна-дэмакратычнага кірунку ў літаратуры. Ставіў нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя, лічыў нацыянальную праблему найважнейшай у гісторыі. Адмаўляў канцэпцыю адзінства гістарычных лёсаў Расіі і Беларусі, непрыхільна ставіўся да марксізму.
4. Паэтычная творчасць В. Ластоўскага цесна звязана перш за ўсё з вядомай дыскусіяй пачатку ХХ ст. у газеце “Наша ніва” наконт таго, што павінна адлюстроўваць беларуская паэзія. З аднаго боку, у ёй абаранялася права беларускіх песняроў на ўсебаковы, без прыкрас, паказ беларускага народнага жыцця, з другога боку, В. Ластоўскі, як адзін з ініцыятараў дыскусіі, намагаўся вывесці паэзію на іншыя эстэтычныя абсягі, паставіць у цэнтр эстэтычнай мадэлі не «нядолю», а «красу». Вершаў у Ластоўскага параўнаўча няшмат – каля чатырох дзесяткаў. Але ўсе яны пазначаны пячаткай адмысловасці, арыгінальнасці. Наватарства матываў, настрою і літаратурных прыёмаў абумоўлена мастацкім крэдам В. Ластоўскага. Звярнуўшыся да паэзіі, выявіў сябе нетрадыцыйным майстрам вершатэхнікі. I ў ёй працягваў сцвярджаць ідэю змагання за незалежную Беларусь. Паэтыка Ластоўскага выяўляла найбліжэйшую сувязь з акмеізмам, бо была пазбаўлена сімвалічнай містыкі, скіравана да яснасці («кларызму») паэтычнага выказвання, у якім няма спецыяльна закладзенага двайнога і шматзначнага сэнсу. Яго паэтыка адкрывала першапачатковы сэнс рэчаў і з'яў, не абцяжараны сімволікай.
Такім чынам, В. Ластоўскі праявіў сябе ў гісторыі, мовазнаўстве, літаратуразнаўстве, краязнаўстве, грамадазнаўстве. Яго творчасць цікавая і шматгранная, яна павінна з’яўляцца аб’ектам пільнага вывучэння.
1 Абабурка, М.В. Асновы стылістычнага аналізу літартурна–мастацкага тэксту: метадыч. рэкамендацыі / М. В. Абабурка. – Магілёў: МДУ імя А. А. Куляшова, 2002. – 128 с.
2 Абабурка, М.В. Беларуская лiнгвiстычная паэтыка i тэксталогiя. – Магілёў : МДУ ім. А. Куляшова, 2008. – 274 с.
3 Багдановіч, І. Э. Авангард і традыцыя: Бел. паэзія на хвалі нац. адраджэння / І. Э. Багдановіч. – Мн.: Бел. навука, 2001. - 387 с.
4 Барысенка, В. У. Праблемы светаўладкавання ў апавяданнях В. Ластоўскага / В.У. Барысенка ; прэпрынты МДЛУ, № 90. – Мінск : МДЛУ, 2000. – 25 с.
5 Васючэнка, П. Беларуская лiтаратура пачатку 20 стагоддзя ў кантэксце еўрапейскага сiмвалiзму / П. Васючэнка // Скарыназнаўства, кнiгазнаўства, лiтаратуразнаўства: матэрыялы ІІІ Мiжнар. кангрэса беларусiстаў «Беларуская культура ў дыялогу цывiлiзацый» (Мiнск, 21 – 25 мая, 4 – 7 снежня 2000 г.). – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2001. – С. 96 – 101.
6 Васючэнка, П. Захоплены Лабірынтам / П. Васючэнка // Роднае слова. – 2008. – № 11. – С. 3-6.
7 Васючэнка, П.В. Мастацкія адкрыцці Вацлава Ластоўскага на фоне сусветнай літаратуры // Вестник Полоцкого государственного университета. Серия A: Гуманитарные науки. – 2008. – №7. – С. 145-148
8 Весялуха, А.М. Гістарычная тэматыка празаічных творах Вацлава Ластоўскага / А.М. Весялуха [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://uctopuk.info/node/265. – Дата доступу:
9 Гаранін, Л.Я. Проза / Л.Я. Гаранін // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. –Мінск : Беларуская навука, 1999. - T. 1. - С. 32 –51.
10 Гісторыя беларускай літаратуры: ХІХ – пачатак ХХ ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І.Э. Багдановіч, У.В. Гніламёдаў, Л.С. Голубева і інш. ; пад агул. рэд. М.А. Лазарука, А.А. Семяновіча. – 2-е выд., дапрац. – Мінск: Выш. школа, 1998. – 550 с.
11 Григорьев, В.П. Тропы / В.П. Григорьев // Литературный энциклопедический словарь / под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева. – М.: Советская энциклопедия, 1987. – С. 446.
12 Грыцкевіч, А. Пасляслоўе (Вацлаў Ластоўскі (Власт) і яго “Кароткая гісторыя Беларусі”) / А. Грыцкевіч // Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. – Мінск : Бел. навука, 1993. – С. 111 - 125.
13 Кабаковіч, А. К. Беларускі свабодны верш / А.К. Кабаковіч. – Мінск : Выш. школа, 1984. –207 с.
14 Кісялёў, Г. Власт: першае набліжэнне / Г. Кісялёў // Радаводнае дрэва / Г. Кісялёў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – С. 22-38.
15 Конан, У. Парадоксы эстэтыкі Вацлава Ластоўскага: традыцыі і мадэрнізм / У. Конан // Весці БДПУ. Серыя 2. – 2008. – № 4. – С. 86-89.
16 Лабачэўская, В. А. Роля Вацлава Ластоўскага ў канструянаванні нацыянальнага сімвала "Слуцкі пояс" / В. А. Лабачэўская // Культура. Наука. Творчество = Культура. Навука. Творчасць = Culture. Science. Arts : сборник научных статей / Белорусский государственный университет культуры и искусств [и др.]. – Минск, 2016. – [Вып. 9] : IX Международная научно-практическая конференция (Минск, 5 мая 2015 г.). – С. 109-117.
17 Лазарук, М.А. Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў : дапам. для настаўнікаў / М.А. Лазарук, А.Я. Ленсу. – Мінск : Народная асвета, 1983. − 191 с.
18 Лазарук, М.А. Уводзіны ў літаратуразнаўства : вучэб. дапам. / М.А. Лазарук, А.Я. Ленсу. – Мінск : Вышэйшая школа, 1982. – 302 с.
19 Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. – Мінск : Бел. навука, 1993. – 126 с.
20 Ластоўскі, В. Выбраныя творы / В. Ластоўскі. – Мінск, 1997. – 512 с.
21 Ліцкевіч, А. «Слава Воршы ўжо не горша…» / А. Ліцкевіч // Беларуская думка. – 2009. – № 3. – С. 92-99.
22 Лойка, А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд: У 2 ч. / А.А. Лойка. – Ч.2. – Мінск: Выш. школа, 1989. – 480 с.
23 Макарэвіч, А.М. Праблема жанравых мадыфікацый у беларускай прозе ХІХ – пачатку ХХ ст. : Манаграфія / А.М. Макарэвіч. – Магілёў :Выд-ва Магілёўскага дзярж. ун-та імя А.А.Куляшова, 1999. – 332 с.
24 Максімовіч, В. Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку 20 стагоддзя / В. Максімовіч. – Мінск : Аракул, 2000. – 351 с.
25 Міхнюк, У. Справа Вацлава Ластоўскага / У. Міхнюк // Маладосць. –1993. – № 8-9. –С.22-28.
26 Навасельцава, Г.В. Мастацкае асэнсаванне мінулага ў творчасці Вацлава ластоўскага / Г.В. Навасельцава // Веснік МДПУ імя І. П. Шамякіна. 2007. – №2 (17). – С. 34-39.
27 Рагойша, В. Паэтычны слоўнік / В. Рагойша. – 3–е выд., дапрац. і дапоўн.–Мінск : Беларуская навука, 2004. – 576 с.
28 Рагойша, В.П. Літаратуразнаўчы слоўнік : тэрміны і паняцці / В.П. Рагойша. – Мінск : Народная асвета, 2009. – 303 с.
29 Рагойша, В.П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах : дапаможнік / В.П. Рагойша. – Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. – 383 с.
30 Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 692 с.
31 Снапкоўская, С. «Сыном маладой Беларусі…»: педагагічная спадчына Вацлава Ластоўскага / С. Снапкоўская // Роднае слова. –1993. – № 10. –С. 38-41.
32 Тычко, Г.К. Беларуская літаратура ХІХ –ХХ стагоддзяў: час і асобы : вучэб. дапам. / Г.К. Тычко. – Мінск: Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, 2010. – 267 с.
33 Янушкевіч, Я. Вяртанне з нематы / Я. Янушкевіч // Ластоўскі В. Выбраныя творы / укладанне, прадмова і каментары Я.Янушкевіча. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 1997. –С. 5-24.
34 Янушкевіч, Я. Неадменны сакратар Адраджэння: Вацлаў Ластоўскі / Я. Янушкевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. –68 с.
35 Янушкевіч, Я.Я. Вацлаў Ластоўскі / Я.Я. Янушкевіч // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя : у 4 т. –Мінск : Беларуская навука, 1999. - T. 1. - С. 427 –447.
36 Янушкевіч, Я. Каментарыі / Я. Янушкевіч // Ластоўскі В. Выбраныя творы. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 1997. – С. 457 -504.
37 Яцухна, В.І. Тэорыя літаратуры : Вучэбны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў ВНУ / В.І. Яцухна. – Гомель : Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны», 2003. – 119 с.
Работа защищена на оценку "9" без доработок.
Уникальность свыше 80%.
Работа оформлена в соответствии с методическими указаниями учебного заведения.
Количество страниц - 59.
Не нашли нужную
готовую работу?
готовую работу?
Оставьте заявку, мы выполним индивидуальный заказ на лучших условиях
Заказ готовой работы
Заполните форму, и мы вышлем вам на e-mail инструкцию для оплаты