1. Сінтаксіс як раздел граматыкі. Прадмет і задачы сінтаксісу.
Сінтаксіс (ад грэч. syntaxis ‗пабудова, парадак, спалучэнне‘) – 1) раздзел мовазнаўства, які вывучае сінтаксічныя адзінкі, сінтаксічныя паняцці, сінтаксічныя адносіны і сінтаксічныя сродкі; 2) адзін з узроўняў мовы, на якім паводле пэўных заканамернасцяў з дапамогай пэўных сродкаў арганізуюцца сінтаксічныя адзінкі з характэрнымі для іх функцыямі.
Тэрмін ‘сінтаксіс’ двухзначны. Ён ужываецца для абазначэння аб’екта вывучэння і для абазначэння раздзела навукі аб мове. Сінтаксіс мовы як аб’ект вывучэння – гэта сінтаксічная арганізацыя, сукупнасць існуючых у мове заканамернасцей, якія рэгулююць пабудову сінтаксічных адзінак. Сінтаксіс як навука – гэта раздзел граматыкі, які вывучае пабудову і значэнне сінтаксічных адзінак. Увогуле ў перакладзе з грэчаскай мовы syntaxis азначае складанне, пабудова, пастаноўка ў пэўны парадак. Гэта раздзел граматыкі, які вывучае законы спалучэння слоў у словазлучэнні і сказы, будову сказаў і іх структурныя тыпы.
2. Словазлучэнне. Паняцце пра словазлучэнне. Сэнсавыя адносіны паміж словамі ў словазлучэннях.
Словазлучэнне – гэта такое сэнсава-граматычнае аб’яднанне двух або некалькіх самастойных слоў у сказе, якія звязаны паміж сабою граматычна і па сэнсу і абазначаюць пэўныя паняцці.
Ужо з усходу светлы золак на небе сцеле абрусы. У гэтым сказе вылучаюцца прэдыкатыўнае (золак сцеле) і непрэдыкатыўныя (усе астатнія) словазлучэнні.
Ужо сцеле – гэта словазлучэнне выражае часавыя адносіны паміж дзеяннем і яго прыметай;
З усходу сцеле, на небе сцеле – гэтыя словазлучэнні выражаюць прасторавыя адносіны паміж дзеяннем і прадметам;
Сцеле абрусы – гэта словазлучэнне выражае аб’ектныя адносіны паміж дзеяннем і прадметам; Светлы золак – гэта словазлучэнне выражае атрыбутыўныя (азначальныя) адносіны паміж прадметам і яго прыметай.
Словазлучэнне валодае семантычнай цэласнасцю і граматычнай арганізаванасцю. Дзякуючы гэтаму словазлучэнне ў пэўнай меры суадносіцца са словам і сказам, але і адрозніваецца ад іх.
3. Віды сінтаксічнай сувязі слоў у словазлучэннях: дапасаванне, прымыканне, кіраванне.
Разнавіднасці гіпатаксічнай (падпарадкавальнай) сувязі:
Дапасаванне – такі від сінтаксічнай гіпатаксічнай сувязі, пры якім формы залежнага слова прыпадабняюцца да граматычных форм галоўнага слова. Дапасаванне можа быць поўным і няпоўным. Поўным дапасаванне з’яўляецца тады, калі залежнае слова прымае ўсе формы галоўнага (разгорнутая кніга). Няпоўным дапасаванне з’яўляецца тады, калі залежнае слова набывае не ўсе ўласцівыя яму граматычныя формы ў адпаведнасці з формамі галоўнага слова (горад Баранавічы, наша доктар).
4. Асаблівасці дапасавання і кіравання ў беларускай мове. Разбор словазлучэнняў.
Прыназоўнікава-склонавыя канструкцыі непадобныя ў беларускай і рускай мовах і выразна выяўляюць нацыянальную спецыфіку беларускай мовы.
1. У бел мове лічэбнікі два (дзве), абодва (абедзве), тры, чатыры звязваюцца з назоўнікам дапасаваннем, а назоўнік мае форму множнага ліку: чатыры заводы, абодва браты, два гады.
2. Дзеясловы ветлівасці дзякаваць, падзякаваць, аддзякаваць, прабачыць, выбачаць, дараваць кіруюць назоўнікамі ці займеннікамі ў давальным склоне: дзякаваць выкладчыку, выбачыць сястры.
3. Дзеясловы руху ісці, бегчы, ехаць, плысці, ляцець, выправіць, паслаць, калі яны маюць мэтавае значэнне, кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам па: пайсці па хлеб, паслаць па доктара.
4. Дзеясловы жартаваць, смяяцца, кпіць, здзекавацца, насміхацца, цешыцца, рагатаць, пасмейвацца, дзівіцца кіруюць родным склонам з прыназоўнікам з: здзекавацца са слабага, пасмейвацца з суседа.
5. Дзеясловы маўлення, думкі, пачуцця гаварыць, казаць, думаць, разважаць, распытваць кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам пра: думаць пра сына, распытваць пра маці, клапаціцца пра дзяцей.
6. Дзеясловы хварэць, захварэць, перахварэць і прыметнік хворы ў бел мове кіруюць вінавальным склонам з прыназоўнікам на: захварэць на адзёр, хворы на ангіну.
5. Сказ. Сказ як асноўная сінтаксічная адзінка.
Сказ – сінтаксічная адзінка, якая арганізавана са слова ці спалучэння слоў і служыць для выражэння асобнай думкі або пачуцця.
Паводле сваёй структуры сказы падзяляюцца на простыя і складаныя. Простыя сказы – тыя, якія з’яўляюцца адной прэдыкатыўнай адзінкай (маюць адзін прэдыкатыўны цэнтр). Зорка Венера ўзышла над зямлёю. Такім чынам, простыя сказы складаюцца з адной граматычнай асновы: дзейніка і выказніка або толькі аднаго галоўнага члена, якія могуць удакладняцца і развівацца даданымі членамі або без іх.
Складаныя сказы – сказы, у склад якіх ўваходзіць дзве і больш прэдыкатыўныя адзінкі (асновы). Шумяць па-новаму дубровы 1, на край свой любы мне б узглянуць 2.
1. Паводле мадальнасці (адносіны зместу да аб’ектыўнай рэчаіснасці) сказы падзяляюцца на сцвярджальныя і адмоўныя. Сцвярджальныя сказы – тыя, у якіх азначаецца рэальная наяўнасць або магчымасць розных з’яў і падзей рэчаіснасці: Раніца была туманная.
Адмоўныя сказы – сказы, у якіх адмаўляецца наяўнасць або магчымасць пэўных з’яў і падзей аб’ектыўнай рэчаіснасці.
6. Просты сказ. Галоўныя і даданыя члены сказа.
Просты сказ – прэдыкатыўная адзінка, у складзе якой знаходзіцца адна прэдыкатыўная аснова.
Сказы, як правіла, будуюцца са слоў, якія з’яўляюцца членамі сказа. Існуюць галоўныя і даданыя члены сказа. Чым яны адрозніваюцца паміж сабой? Галоўныя члены сказа выяўляюць яго асноўны змест, а даданыя — толькі дапаўняюць. Таму галоўныя члены з’яўляюцца граматычнай асновай сказа, а даданыя заўсёды залежаць ад галоўных.
Дзейнік — галоўны член сказа, які абазначае ўтваральніка дзеяння (Ён прыгожа танцуе) або таго (тое), пра каго (што) гаворыцца ў сказе (Яна майстар сваёй справы. Дзень сонечны). Дзейнік адказвае на пытанні хто? што?
Выказнік — галоўны член сказа, які абазначае тое, што гаворыцца пра дзейнік.
Выказнік адказвае на пытанні што робіць прадмет? які ён ёсць? хто ці што ён такі? Дзейнік — граматычна незалежны член сказа, выказнік залежыць ад дзейніка, паколькі менавіта ад дзейніка да яго ставіцца пытанне. Разам з тым у мове шмат сказаў, у якіх ёсць толькі адзін галоўны член сказа, тады ён з’яўляецца граматычна незалежным: Цудоўная вясна! Не спіцца.
7. Дзейнік: просты і складаны.
Дзейнік – 1) галоўны член двухсастаўнага сказа, які абазначае прадмет, што з’яўляецца носьбітам прэдыкатыўнай адзнакі, выражанай выказнікам. 2) граматычна незалежны галоўны член сказа, які абазначае прадмет думкі і развіваецца выказнікам.
Паводле сваёй структуры дзейнікі падзяляюцца на: – простыя; – састаўныя; – складаныя.
У просты дзейнік уваходзіць адзін структурны кампанент – слова ці спалучэнне слоў, якія ўтвараюць адну граматычную форму: Цяплом агорнутае поле цвіце, красуецца, шуміць (А.Гурло). Белазорае бабіна лета ў гародчыку расцвіло (А.Вялюгін). Просты дзейнік можа быць выражаны марфалагізаванымі і немарфалагізаванымі формамі.
Просты марфалагізаваны дзейнік выражаецца: 1) назоўнікамі Н.скл. любога лексіка-граматычнага разрада: Цягнік падыходзіў пад Пінск. 2) займеннікамі з прадметным значэннем: а) асабовымі: Мы засталіся ўдвух. б) пытальна-адноснымі: Хто на лузе пакінуў след? в) адмоўнымі: На сход ніхто не прыйшоў. г) няпэўнымі: Ноччу па лесе абы-хто не ходзіць. 3) колькаснымі лічэбнікамі у форме Н.скл.: Дзесяць дзеліцца на пяць.
8. Выказнік: просты, састаўны, складаны; дзеяслоўны і іменны. Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам.
Выказнік – 1) галоўны член сказа, які знаходзіцца ў сэнсавай і граматычнай залежнасці ад дзейніка і абазначае дзеянне, стан або прымету прадмета, названага дзейнікам. 2) галоўны член двухсастаўнага сказа, які выражае прэдыкатыўную адзнаку прадмета, абазначанага дзейнікам.
Выказнікі падзяляюцца на дзеяслоўныя і іменныя.
Дзеяслоўны выказнік – выказнік, які выражаны формай дзеяслова ці словам са значэннем дзеяння.
Іменны выказнік – выказнік, які выражаны іменнай часткай або дзеяслоўнай звязкай і іменнай часткай.
Паводле структуры выказнікі падзяляюцца на простыя, састаўныя, складаныя. Дзеяслоўны выказнік бывае трох тыпаў. Просты выказнік – выказнік, у якім лексічнае і граматычнае значэнні выражаюцца ў адным слове. Ускладнены выказнік – выказнік, які выражаны спалучэннем паўназначных або сінанімаічных дзеясловаў: Людзі ішлі і ішлі. Скрыпіць-паскрыпвае за акном вяз., або спалучэннем дзеяслова ўзяць + другі дзеяслоў са злучнікам і, ды, ды і: Ластаўкі ўзялі і зашчабяталі сваю песеньку (Я.Колас).
Састаўны выказнік – выказнік, у якім лексічнае і граматычнае значэнні выражаюцца асобна, у двух кампанентах: лексічнае – у асноўным кампаненце (выказальным слове), а граматычнае – у дапаможным кампаненце (звязцы); звязка выражае граматычную сувязь (каардынацыю) выказальнага слова і дзейніка. Лета было цёплае і сонечнае.
9. Дапаўненне: прамое і ўскоснае.
Дапаўненне. Дапаўненне – гэта даданы член сказа, які абазначае аб’ект дзеяння ці праяўлення прыметы і адказвае на пытанні ўскосных склонаў: Народы нарадзілі мову, адшліфавалі, як крышталь.
Дапаўненні звычайна выражаюцца назоўнікамі ва ўскосных склонах, колькаснымі лічэбнікамі, займеннікамі: Цёплы вецер нясе павуцінне над полем, асядае яно мне на скроні крадком. (С.Законнікаў) Дапаўненні могуць выражацца і іншымі часцінамі мовы (прым., парадк. ліч., формамі дзеяслова, служб. ч.мовы), калі яны ў сказе ўжываюцца са значэннем назоўніка: Трэба ў паэму жыццё нанізаць – зважыць былое, у заўтра паверыць. (Л.Геніюш)
Адрозніваюць дапаўненне прамое і ўскоснае. Прамое – гэта такое дапаўненне, якое адносіцца да члена сказа, выражанага пераходным дзеясловам, і абазначае прадмет, на які прама, непасрэдна накіроўваецца дзеянне. Прамое дапаўненне звычайна выражаецца назоўнікам або іншай часцінай мовы са значэннем назоўніка ў форме В.склону без прыназоўніка: У марозным акне снег замятае сляды.
10. Азначэнне: дапасаванае і недапасаванае. Прыдатак.
Азначэнне – даданы член сказа, які адносіцца да слова з прадметным значэннем і характарызуе прадмет з боку яго якасці, уласцівасці: Аб нечым таямнічым гавораць дрэвы. У залежнасці ад марфалагічнага выражэння і характару сінт. сувязі з азначаемым словам усе азначэнні падзяляюцца на дапасаваныя і недапасаваныя.
ЗАЎВАГА! Азначэннем нельга лічыць прыметнікі, якія ўваходзяць у склад устойлівых іменных спалучэнняў тыпу Новы год, Чорнае мора, белы грыб, блакітны экран.
Азначэнні, выражаныя прыметнікамі, абазначаюць разнастайныя прыметы прадмета, асобы ці з’явы: Цёмная ноч апранула зямлю. Адносныя прыметнікі абазначаюць разнастайныя прыметы прадмета, асобы ці з’явы не непасрэдна, а праз адносіны да іншых прадметаў, а таксама да месца ці часу. Прыналежныя прыметнікі абазначаюць прыналежнасць прадмета пэўнай асобе: Мікітава хата стаяла на ўзлеску. Азначэнні, выражаныя займеннікамі-прыметнікамі, не называюць канкрэтныя прыметы прадмета, а толькі ўказваюць на той ці іншы прадмет: Той дзень запомніўся на ўсё жыццё. Азначэнні могуць выражацца парадкавымі лічэбнікамі: Настаў другі дзень жніва. Азначэнні могуць выражацца дзеепрыметнікамі: Схіляецца долу даспелае жыта.
11. Акалічнасць: месца, прычыны, часу, мэты, умовы, уступкі, спосабу дзеяння, меры і ступені.
Акалічнасць – даданы член сказа, які паказвае характар дзеяння або прыметы, а таксама розныя абставіны, пры якіх адбываецца дзеянне.
У сказе аклічнасці найчасцей адносяцца да дзеяслова і яго форм, радзей – да прыметнікаў, прыслоўяў, прэдыкатыўных прыслоўяў: Сіратліва ўзіраецца топаль у асенніх дарог каламуць. (Л.Геніюш); Прыгожая вясной і ўлетку, грушка цяпер выглядала сіратліва. (К.Ч.); Вакол было ціха і пуста. (Я.Колас)
Аклічнасці шырока выражаюцца прыслоўямі: Архіп спаў доўга і смачна. (М.Гарэцкі) Акалічнасці могуць таксама выражацца назоўнікамі ва ўскосных склонах з прыназ. і без іх, інфінітывам, дзеепрыслоўямі і дзеепрысл. спалучэннямі, а таксама сінтаксічна непадзельнымі спалучэннямі: Скончыўшы Акадэмію, Чарняхоўскі некалькі год служыў у Беларусі. (І.М.)
12. Аднародныя члены сказа і знакі прыпынку пры іх.абагульняючыя словы пры аднародных членах сказа. Аднародныя і неаднародныя азначэнні.
Аднародныя члены сказа – гэта галоўныя або даданыя члены, якія выконваюць адну і тую ж сінт. функцыю, звязваюцца з інш. членамі сказа аднолькавай сінт. сувяззю, аб’ядноўваюцца паміж сабой злучальнай сувяззю і характарызуюцца спецыфічнай інтанацыяй аднароднасці.
Аднародныя члены сказа звязваюцца паміж сабой злучнікамі і без злучнікаў. Сярод злучнікаў пры аднародных членах найбольш пашыраны злучальныя злучнікі, сярод іх -спалучальныя (і, ды ў знач. і, ні-ні, таксама, як-так і); -супраціўныя (а, але,ды, аднак, толькі, не толькі-але); -размеркавальныя (ці, або (альбо), ці то-ці то, не то-не то).
Два або некалькі дапасаваных азначэнняў у сказе могуць быць аднародныя і неаднародныя.
Аднародныя азначэнні могуць звязвацца паміж сабой пры дапамозе злучнікаў і без іх: Усю восень каля хаты цвілі белыя і барвовыя вяргіні. (І.Шамякін); У небе з’явіліся белыя, зялёныя, чырвоныя парашуты. (“Беларусь”). Паміж аднароднымі азначэннямі, звязанымі без злучнікаў, можна ўставіць злучнік і. Параўн.: У небе з’явіліся і белыя, і зялёныя, і чырвоныя парашуты.
13. Адасобленыя члены сказа. Адасабленне азначэнняў, прыдаткаў, акалічнасцей, дапаўненняў і далучальных членаў сказа.
Адасобленыя члены сказа. Адасабленне – сэнсава-граматычнае і інтанацыйнае выдзяленне членаў сказа з мэтай надаць ім некаторую самастойнасць. Члены сказа, якія сэнсава і інтанацыйна выдзяляюцца, называюцца адасобленымі: Дрэвы, нерухомыя, млелі ў далечыні. Тэрмін “адасабленне” ўвёў Пяшкоўскі А.М.
На пісьме могуць адасабляцца дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні. Часцей адасабляюцца дапасаваныя азначэнні. Яны выражаюцца прыметнікамі, дзеепрыметнікамі, прыметнымі і дзеепрыметнымі словазлучэннямі. Заўсёды адасабляюцца: 1) Азначэнні, незалежна ад месца ў сказе, якія адносяцца да асабовых займеннікаў: Захопленыя сваім заняткам, мы і не заўважылі, як сонца схілілася да самага лесу (В.Вольскі). 2) Адзіночныя азначэнні, якія стаяць пасля назоўнікаў і маюць вялікую сэнсавую нагрузку: Трава, скошаная, сохла на сонцы (Я.Колас). 3) Два ці больш адзіночныя азначэнні, калі яны стаяць пасля назоўнікаў: І лінуў дождж, густы, буйны, і ўсё навокал зашумела (Я.Колас). 4) Азначэнні, выражаныя прыметнымі і дзеепрыметнымі словазлучэннямі, калі яны стаяць пасля назоўнікаў: Сена, змочанае дажджом, запахла яшчэ мацней (К.Кірэенка).
14. Параўнальныя звароты, зваротак і знакі прыпынку пры іх.
Зваротак – гэта слова ці словазлучэнне, якое называе асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай (гаворкай). Зваротак выражаецца назоўнікам, іншымі словамі ў ролі назоўніка, займеннікам: Табе, любімая, пішу! Іграй, музыка, громка, гулка! Зваротак можа быць развітым: Цёплы дожджык, пырсні, пырсні на парэчкі і на вішні. Зваротак членам сказа не з’яўляецца, але не можа існаваць па-за сказам.
Параўнальныя звароты – словы, якія ўжываюцца ў сказе для больш выразнай і дакладнай характарыстыкі прадметаў, дзеянняў шляхам параўнання. Яны ўводзяцца ў сказ параўнальнымі злучнікамі як, што, чым, бы, нібы, нібыта, быццам, як быццам, як бы. Часта параўнальныя звароты складаюцца з аднаго слова. Ля помніка, нібыта вартавыя, пасталі кіпарысы ў каравул. Сёння выпаў, як кветкі акацыі, сакавіцкі апошні снег. Параўнальныя звароты могуць адносіцца да любога члена сказа, паясняючы яго. На пісьме параўнальныя звароты выдзяляюцца коскамі як своеасаблівыя сінтаксічныя канструкцыі.
Параўнальныя звароты, якія пачынаюцца злучнікамі як, бы, як бы, нібы, нібыта, быццам, як быццам, што, як і, чым, выдзяляюцца коскамі. Напрыклад: Па небе хмары, як палотны, паўночны вецер рассцілае. Дзяўчаты, нібы русалкі, карагоды водзяць.
15. Пабочныя словы, спалучэнні слоў і сказы.
Пабочныя канструкцыі – гэта словы, словазлучэнні і сказы, якія граматычна не звязаны з членамі сказа, а служаць для выражэння адносін таго, хто гаворыць, да выказанай думкі. Пабочныя словы, словазлучэнні і сказы не з’яўляюцца членамі сказаў: Дождж, на шчасце, перастаў.
Пабочныя словы, словазлучэнні і сказы ўключаюцца ў сказ пры дапамозе суадноснай сувязі, якая рэалізуецца па сэнсу і афармляецца бяззлучнікавай сувяззю: Мая маці, пэўна, бачыла, калі я прыйшла. Зрэдку пабочныя сказы могуць звязвацца з астатняй часткай падпарадкавальнымі злучнікамі (як, што, калі, хоць): Мой сусед, калі я не памыляюся, прыехаў з Кіева. Падпарадкавальныя злучнікі ў такіх сказах не з’яўляюцца сінтаксічным сродкам сувязі, так як яны не афармляюць падпарадкаванне адной часткі другой. Таму яны выконваюць не столькі сваю ўласную функцыю, колькі функцыю часціц. Пабочныя канструкцыі у складзе сказа могуць адносіцца да ўсяго сказа або да асобных яго членаў: Сапраўды, пад бярозай стаяў чалавек.
16. Устаўныя словы, спалучэнні слоў і сказы.
Устаўныя словы, словазлучэнні і сказы служаць для дадатковага паведамлення, заўвагі, тлумачэння ўсяго асноўнага выказвання: У сярэдзіне пакоя жанчыны (маці з Зосяй) размаўлялі.
Устаўныя канструкцыі ў адрозненні ад пабочных прызначаны для павелічэння сэнсава-інфармацыйнага зместу сказа. Яны могуць каменціраваць змест сказа ці асобных яго членаў, перадаючы дадатковыя звесткі адносна гэтага зместу. Устаўныя канструкцыі граматычна не звязаны з членамі сказа: Нехта (цяпер цяжка ўспомніць хто) чуў стрэл. Устаўныя словы, словазлучэнні і сказы заўсёды размяшчаюцца пасля тых кампанентаў, змест якіх патрабуе адпаведнага ўдакладнення.Суадносная сувязь паміж устаўнымі канструкцыямі і астатняй часткай сказа часцей за ўсё афармляецца бяззлучнікавым спосабам. Пры бяззлучнікавым спосабе значную ролю адыгрываюць займеннікі і прыслоўі, якія семантычна суадносяць устаўныя канструкцыі з асобнымі словамі асноўнага састава сказа: Лабановіч (так звалі маладога настаўніка) слухаў байку.
17. Аднасастаўныя сказы: выказнікавыя і дзейнікавыя. Аднасастаўныя выказнікавыя сказы: пэўна-асабовыя, няпэўна-асабовыя, абагульнена-асабовыя, безасабовыя, інфінітыўныя. Аднасастаўныя дзейнікавыя — намінатыўныя (назыўныя): быційныя і указальныя. Сінтаксічна непадзельныя сказы. Няпоўныя сказы: кантэкстуальныя і сітуацыйныя.
Аднасастаўныя сказы – сказы з адным галоўным членам (суадносным ці з дзейнікам, ці з выказнікам двухсастаўнага сказа, але не ідэнтычным яму), які сумяшчае ў сабе значэнне лагічнага суб'екта ці прэдыката: Не рабі ліхога і не бойся нікога.
1 Дзеяслоўна-адвербіяльныя аднасастаўныя сказы. Пэўна-асабовыя сказы – такія аднасастаўныя сказы, галоўны член якіх выражаны дзеясловам у асабовай форме, што ўказвае на пэўную асобу: Вокам акіньце прасторы палёў.
Няпэўна-асабовыя сказы – такія аднасастаўныя сказы, у якіх дзеянне ўтворана невядомай асобай: З нашай бульбы гатуюць і смажаць шмат страў.
Абагульнена-асабовыя сказы – такія аднасастаўныя сказы, у якіх дзеянне адносіцца да любой асобы: Хлеб-соль еш, а праўду рэж.
18. Парадак слоў у сказе (прамы і адваротны).
Парадак слоў – пэўная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая стварае сэнсавае, сінтаксічнае і стылістычнае адзінства.
Парадак слоў можа быць:
1) прамым, г. зн. звычайным, тыповым для пэўнага сказа (у двухсастаўным намінатыўным сказе дзейнік знаходзіцца перад выказнікам, прамое дапаўненне – пасля выказніка, дапасаванае азначэнне – перад паяснёным словам, недапасаванае – пасля яго, акалічнасці спосабу дзеяння, меры і ступені – перад выказнікам або ў пачатку сказа, іншыя акалічнасці – у любой пазіцыі): Той асенні дзень быў цёплы і пахмурны. Лісце ляжала пад нагамі тоўстым стракатым дываном (У. Караткевіч);
2) адваротным (або інверсійным), г.зн. з парушэннем тыповага размяшчэння членаў сказа: Старадаўні звычай паважаем: Хлебам-соллю госця сустракаем… (А. Пысін); Незвычайны чалавек Косця, незвычайныя ў яго рукі (А. Варановіч);