2. Вершы Рыгора Барадуліна пра жывёл і птушак, пейзажныя замалёўкі. (“Экзамен”, “Пеўнік – весялун”, “ Красавік”, “У дожджык” і інш.).
Рыгор Іванавіч Барадулін - самабытны паэт-наватар, нястомны эксперыментатар, тонкі псіхолаг у беларускай дзіцячай літаратуры. Разумнае спалучэнне жыццёвай мудрасці, з аднаго боку, і дзіцячай непасрэднасці, з другога, душэўны такт і цудоўнае валоданне канкрэтнасцю вобразнага мыслення выяўляюць у ім талент дзіцячага пісьменніка - натуру перш за ўсё чулую і ўражлівую. Сутнасць шчырых кантактаў з маленькімі чытачамі — не ў павучальнасці, а ў незвычайнай чуйнасці да семантычнай шматфарбнасці роднага слова. Своеадметнае спалучэнне задушэўнага лірызму і каламбурнага гумару вызначыла творчую манеру яго як дзіцячага паэта.
Рыгор Іванавіч напісаў даволі шмат вершаў для дзецей пра жывёл, якія развіваюць пачуццё прыгожага як найпершы элемент чалавечнасці. Верш-казка «Экзаме¬ны» знаёміць з прадстаўнікамі жывёльнага, птушынага і насякомага свету.
Многія творы актыўна пашыраюць дзіцячы пазнаваўчы кругагляд («Як стаў заяц даўгавухі», «Як зрабіўся рак чырвоны», «Ці ляцяць вароны ў вырай?», «Ці пазяхае бегемот?», «Пеўнік-весялун»).
У вершы "Як заяц стаў даўгавухі" чытач даведваецца, чаму зайка стаў даўгавухім. Аднойчы, калі зайка спраўляў імяніны, да яго прыйшоў у госці мядзведзь і пачаў цягаць зайку за вушы. Зайку стаў і свет нямілы пасля такога шчырага віншавання. З таго часу ўся заечая радня не спраўляе імянін. Чытачу, а тым больш маленькаму, вельмі добра запомніцца такі цікавы сюжэт, бо дзеці часта задаюцца цікавымі пытаннямі, і ў тым ліку, чаму ў зайца доўгія вушы. Прачытаўшы гэты верш, маленькі чытач спасцігне свет неспазнанага.
Так, улічваючы дзіцячае натуральнае імкненне да прыгод, да самых нечаканых эфектаў, да камедыйных сітуацый, Р. Барадулін малюе дакладнымі штрыхамі партрэт «лянога» бегемота, які «смачна // Пазяхнуў - // I ўсіх цікаўных // Праглынуў».
3. Аналіз вершаў Рыгора Барадуліна, прапанаваных праграмай для завучвання.
«Чалавек не ўзнікае так...» (1980)
У сваім вершы «Чалавек не ўзнікае так...» Рыгор Барадулін закранае філасофскую тэму, тэму сэнсу жыцця: хто я? што я? навошта прыйшоў у гэты свет?.. Напэўна, кожнаму з нас, у пэўныя перыяды жыцця, уласціва задаваць самому сабе такія пытанні.
Рыгор Барадулін параўноўвае чалавека з ратаем, дзіваком, мастаком. Ці у чыстым полі, ці на белым лісце, на працягу ўсяго жыцця чалавек піша сваю гісторыю сам, напаўняецца эмоцыямі, пачуццямі, перажываннямі. Усе падзеі, якія адбываюцца з чалавекам: першае каханне, узлёты і падзенні, першы крок,усё гэта фармуе яго як асобу. Але ўсё, што з ім адбываецца — гэта вынік калісьці прынятых рашэнняў.
І, несумненна, сэнс у тым, каб, як трапна заўважыў паэт, стаць чалавекам – здольным тварыць і здзяйсняць, а таксама любіць гэты свет і людзей, з якімі наканавана ісці поруч.
Вельмі прыгожую метафару ўжывае Барадулін, каб пацвердзіць, што ўсе мы робім памылкі і гэта не сорамна. Галоўнае — пры любых абставінах заставацца чалавекам. Каб жыць і радавацца яго шчаслівым імгненням; імкнуцца знайсці сваё прызванне; не страчваць надзеі, у пэўныя моманты “сціраючыся” аб дарогі і “разбіваючыся” аб адчаі.
У спадчыне паэта многа вершаў, прысвечаных філасофскаму асэнсаванню прызначэння чалавека і сутнасці яго зямных спраў, вершаў — роздумаў над сапраўднымі, вечнымі каштоўнасцямі і каштоўнасцямі ўяўнымі. Народны паэт у вершы «Чалавек не ўзнікае так...» выказаў перакананне, што кожны з нас прыйшоў у гэты свет не выпадкова, а са сваім прызначэннем і талентам, якія недаравальна змарнаваць. Кожны з нас павінен «збыцца і адбыцца» як асоба, як грамадзянін і як прафесіянал у адпаведнасці з дадзеным дарам.
1. Астраух А. Вяртанне ў першы снег // Полымя. – 1998 –№ 3 – С. 313–319.
2. Барташэвіч Г. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. – Мн.: Навука і тэхніка, 1976 – 166 с.
3. Зуёнак В. Дзве страфы з Барадуліна // Крыніца. – 1996 –№ 7 (22). – С. 74–75.
4. Крашчановіч Т. Сакрэт майстэрства: [Аб вершах Р.Барадуліна для дзяцей] // Літ. і мастацтва. – 1991 – 12 ліп. (№28). –С. 6–7.
5. Марціновіч А. Для Ілонкі, Дамінічкі і... усіх дзетак // Марціновіч А. Святло чароўнага ліхтарыка: Выбр. старонкі гісторыі бел. дзіцяч. літ-ры: Дапам. для пед. дашк. устаноў: У 2 кн.Кн. 2 – Мн.: Нар. асвета, 1998 – С. 126–135.
6. Жанравая разнастайнасць паэзіі Р.Барадуліна. [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://infopedia.su/1x1e22.html.