1 Беларускія народныя казкі. Даць класіфікацыю казак. Раскрыць багацце беларускага казачнага эпасу. Літаратурная апрацоўка беларускіх народных казак Я. Колсама і А. Якімовічам
2 Свет дзяцінства і прыроды ў творах Ніла Гілевіча
Спіс выкарыстаных крыніц
1. Беларускія народныя казкі. Даць класіфікацыю казак. Раскрыць багацце беларускага казачнага эпасу. Літаратурная апрацоўка беларускіх народных казак Я. Коласама і А. Якімовічам
Казка – адзін з асноўных жанраў дзіцячай літаратуры. Гэта невялікі твор, змест якога напоўнены незвычайным, фантастычным, цудадзейным, магічным. Героямі казак з’яўляюцца звычайныя людзі, альбо тыя, хто надзеленыя звышнатуральнымі асаблівасцямі. Часта героямі казак становяцца насельнікі прыроднага свету, незвычайныя істоты, якія свабодна пераходзяць са свету рэальнага ў свет нерэальны і наадварот.
Яны ўзыходзяць на шлях здзяйснення дабра, барацьбы светлага з цёмным дзеля дасягнення той мэты, што першапачаткова акрэсліваецца ў казцы і дзеля здзяйснення якой разгортваюцца ўсе яе падзеі.
Як правіла, у казцы перамагаюць светлыя сілы і пазітыўныя героі; гэтым самым сцвярджаецца ідэя ўзвышэння светлага над змрочным, добрага над злым.
Для казкі уласціва ўстойлівая традыцыйная кампазіцыя (паказальнымі яе элементамі з’яўляюцца зачын і канцоўка), кантрасны падзел герояў на пазітыўных і негатыўных (добрых і злых), барацьба добрага ca злым, шчаслівы фінал гэтай барацьбы.
Асноўная жанравая адметнасць казкі – устаноўка на выдумку, фантазію. Казка не ведае абмежаванняў ні ў часе, ні ў прасторы, асноўнае ў ёй – дзеянне, учынкі персанажаў. У ёй увасоблены жыццёвы вопыт, светапогляд, талент і мудрасць народа.
Народныя казкі з’яўляюцца гордасцю беларусаў. Па багаццю і разнастайнасці яны займаюць першае месца ў казачным рэпертуары ўсходніхславян і адно з першых месц сярод казак народаў свету. Беларускія казкі ў сваім развіцці прайшлі складаны шлях, многія этапы якога ўласцівы казачнаму эпасу і іншых народаў. Аднак найбольш блізкія беларускія казкі да творчасці славянскіх народаў, асабліва рускага і ўкраінскага, што вынікае з агульнасці паходжання і гістарычнага лёсу ўсходніх славян. Адсюль зразумела, чаму беларускія казкі маюць больш агульных рыс з казачным эпасам рускіх і ўкраінцаў, чым уласных спецыфічных асаблівасцей, на складанне якіх прыпадае, магчыма, значна меншы адрэзак часу ў параўнанні з усім гістарычным перыядам развіцця гэтага жанру. Але побач з гэтым беларускія казкі маюць сваю спецыфіку і з’яўляюцца дастойным укладам у агульную скарбніцу духоўнай культуры славянскіх народаў [1, c. 23].
Казачны эпас беларускага народа – вельмі каларытная з’ява, якая прыцягвала да сябе ўвагу многіх вучоных. Высока ацэньваў беларускія казкі акадэмік Я. Ф. Карскі. Ен падкрэсліваў іх багацце і дасканаласць мастацкай формы. Беларускія казкі, як заўважалі даследчыкі, вылучаюцца з казачнага эпасу ўсходніх славян вялікай колькасцю казак аб жывёлах, наяўнасцю рэшткаў некаторых архаічных форм, якія дапамагаюць даследчыкам вырашаць праблемы паходжання і развіцця казачнага эпасу ўсіх славянскіх народаў.
[...]
2. Свет дзяцінства і прыроды ў творах Ніла Гілевіча
Вядомы беларускі паэт, таленавіты драматург і публіцыст, аўтарытэтны крытык і літаратуразнаўца, Народны паэт Беларусі Ніл Сымонавіч Гілевіч нарадзіўся ў в. Слабада Лагойскага раёна ў мнагадзетнай сям’і старшыні сельсавета Сымона Пятровіча і хатняй гаспадыні Кацярыны Мікалаеўны. Бацькі назвалі будучага паэта Нінел, што з’яўляецца адваротным прачытаннем прозвішча Ленін. Аднак імя гэтае Гілевіч змяніў на простае Ніл. Даследчыкі творчасці Ніла Сымонавіча адзначаюць, што ён пераняў ад маці неврагодную працавітасць, якая дапагала яму па жыцці.
Н.Гілевіч скончыў “на выдатна” Мінскае педагагічнае вучылішча, а пасля яго без іспытаў прынялі на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Некаторы час працаваў настаўнікам, больш за 20 гадоў выкладаў на кафедры беларускай літаратуры БДУ, дзе даслужыўся да навуковага звання прафесара. Акрамя таго, працаваў літкансультантам газеты “Звязда”, рэдактарам альманаху замежнай літаратуры «Далягляды», узначальваў Саюз пісьменнікаў.
Творчая дзейнасць Ніла Гілевіча пачалася ў 15-гадовым узросце, пасля публікацыі ў часопісу “Бярозка” верша “Яблынька”, дзе малады паэт паказаў эмацыянальную знітаванасць чалавека і прыроды [5, c. 412].
Дзiцячая паэзiя Н.Гiлевiча цесна звязана з традыцыямi народнай педагогiкi i вуснай паэтычнай творчасцi. Паэт звяртаецца да творчага i выхаваўчага вопыту папярэднiх пакаленняў як яскравага ўзору ўзаемаадносiн дарослых i дзяцей, моўнай камунiкацыi, якая ажыццяўлялася з улiкам псiхалогii i асаблiвасцей светаўспрымання дзiцяцi.
Асаблiва плены набытак паэт мае ў жанры загадкi. Загадкамi паэт запрашае дзяцей да займальнай гульнi, якая выводзiць iх за межы звыклага, будзённага ў свет незвычайнай паэтычнай вобразнасцi i раскрыленай фантазii. Раслiны, прадметы, прыродныя з’явы – усё гэта можна пазнаць i адгадаць, калi быць уважлiвым, назiральным, удумлiвым. Паэт вучыць у звычайным бачыць незвычайнае, дзiвоснае, прыгожае.
Паэт выхоўвае ў маленькiх грамадзян нашай краiны пачуццё асабiстай i нацыянальнай годнасцi. Тэма Радзiмы праходзiць праз усю паэзiю Н.Гiлевiча. Выхаванне асобы дзiцяцi не магчыма без паўнавартаснага этнадухоўнага развiцця. Мова i мацi, мова i Радзiма, мова i народ – гэтыя паняццi цесна, трывала спалучаны ў светаразуменнi Н.Гiлевiча. У шэрагу вершаваных твораў (“Мова майго народа”, “Роднае слова” i iнш), кiдаючы позiрк у мiнулае, паэт гаворыць пра цяжкiя выпрабаваннi i перашкоды, што выпалi беларускаму слову, якое нашы продкi баранiлi праз вякi, каб захаваць сваю годнасць i самабытнасць. Разам з мовай народ жыве вечна, захоӯвае сваё непаўторнае аблiчча i духоӯную прысутнасць у свеце.
Тэматычнае адзiнства ў творчасцi Н.Гiлевiча складаюць вершы пра родную прыроду, якiя маюць выразную эстэтыка-экалагiчную скiраванасць у выхаваннi дзяцей. У вершы “Цуд тварыўся – я праспаў…” паэт заваблiвае ў свет чароўнай, казачнай прыгажосцi.
[...]