І. БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ
ІІ. РАЗНАЙСТАЙНАСЦЬ ТЭМАТЫКІ ТВОРЧАСЦІ ЭДЗІ АГНЯЦВЕТ
СПІС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛІТАРАТУРЫ
І БЕЛАРУСКІЯ НАРОДНЫЯ КАЗКІ
Казка – адзін з асноўных жанраў дзіцячай літаратуры. Гэта невялікі твор, змест якога напоўнены незвычайным, фантастычным, цудадзейным, магічным. Героямі казак з’яўляюцца звычайныя людзі, альбо тыя, хто надзеленыя звышнатуральнымі асаблівасцямі. Часта героямі казак становяцца насельнікі прыроднага свету, незвычайныя істоты, якія свабодна пераходзяць са свету рэальнага ў свет нерэальны і наадварот.
Яны ўзыходзяць на шлях здзяйснення дабра, барацьбы светлага з цёмным дзеля дасягнення той мэты, што першапачаткова акрэсліваецца ў казцы і дзеля здзяйснення якой разгортваюцца ўсе яе падзеі.
Як правіла, у казцы перамагаюць светлыя сілы і пазітыўныя героі; гэтым самым сцвярджаецца ідэя ўзвышэння светлага над змрочным, добрага над злым.
Для казкі уласціва ўстойлівая традыцыйная кампазіцыя (паказальнымі яе элементамі з’яўляюцца зачын і канцоўка), кантрасны падзел герояў на пазітыўных і негатыўных (добрых і злых), барацьба добрага ca злым, шчаслівы фінал гэтай барацьбы.
Асноўная жанравая адметнасць казкі – устаноўка на выдумку, фантазію. Казка не ведае абмежаванняў ні ў часе, ні ў прасторы, асноўнае ў ёй – дзеянне, учынкі персанажаў. У ёй увасоблены жыццёвы вопыт, светапогляд, талент і мудрасць народа.
Народныя казкі з’яўляюцца гордасцю беларусаў. Па багаццю і разнастайнасці яны займаюць першае месца ў казачным рэпертуары ўсходніхславян і адно з першых месц сярод казак народаў свету. Беларускія казкі ў сваім развіцці прайшлі складаны шлях, многія этапы якога ўласцівы казачнаму эпасу і іншых народаў. Аднак найбольш блізкія беларускія казкі да творчасці славянскіх народаў, асабліва рускага і ўкраінскага, што вынікае з агульнасці паходжання і гістарычнага лёсу ўсходніх славян. Адсюль зразумела, чаму беларускія казкі маюць больш агульных рыс з казачным эпасам рускіх і ўкраінцаў, чым уласных спецыфічных асаблівасцей, на складанне якіх прыпадае, магчыма, значна меншы адрэзак часу ў параўнанні з усім гістарычным перыядам развіцця гэтага жанру. Але побач з гэтым беларускія казкі маюць сваю спецыфіку і з’яўляюцца дастойным укладам у агульную скарбніцу духоўнай культуры славянскіх народаў.
ІІ РАЗНАЙСТАЙНАСЦЬ ТЭМАТЫКІ ТВОРЧАСЦІ ЭДЗІ АГНЯЦВЕТ
Эдзі Сямёнаўна Агняцвет нарадзілася ў сям'і, дзе мама працавала ў Мінскай абласной бібліятэцы ім. А. С. Пушкіна. Менавіта яна і прывіла сваёй дачцэ любоў да класічнай літаратуры, пазнаёміла з творчасцю беларускіх пісьменнікаў. Эдзі Агняцвет не адразу стала пісаць – яна была вучаніцай на Мінскім машынабудаўнічым заводзе “Камунар”, потым вучылася ў Мінскай прафтэхшколе будаўнікоў. І толькі ў 1934 годзе скончыла творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута, у 1936 годзе – літаратурны факультэт.
Першыя творы Эдзі Агняцвет былі надрукаваны ў 1929 годзе ў газеце “Чырвоная змена”. У 1935 годзе выйшаў яе першы дарослы зборнік “Маё пакаленне”. І толькі ў 1944 годзе, калі Эдзі было за 30, з’явілася на свет яе першая дзіцячая кніжка “Міхасёк”. Тэмы барацьбы за мір, абароны дзяцінства, інтэрнацыянальнай дружбы і адзінства савецкіх людзей сталі галоўнымі ў яе дзіцячай і дарослай паэзіі.
У 1986 годзе Эдзі Агняцвет за кнігу “На двары Алімпіяда” быў прысуджаны міжнародны ганаровы дыплом імя Ханса Крысціяна Андэрсана. Атрымаць такую ўзнагароду − вялікі гонар. Яна прысуджаецца за найбольш яркія творы, якія садзейнічаюць выхаванню дзяцей, фарміраванню іх унутранага свету, паказваюць дзяцінства ва ўсёй яго непаўторнасці. “На двары Алімпіяда” − гэта цэласная кніга пра дзяцей свайго двара, іх клопаты, захапленні, мары і жаданні. Паэтка лічыла: “свет дзяцей вельмі разнастайны і шматгранны, паказаць яго – значыць паказаць дзяцей такімі, якія яны ёсць на самай справе”. У кнізе ёсць раздзел “Рукі сяброў”, дзе размешчаны ўласныя пераклады тых паэтаў, каго больш за ўсё любіла Эдзі Агняцвет.
Эдзі Агняцвет піша для дзяцей і дарослых. У сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры ёй належыць адно з першых месц.
Тэматыка вершаў і паэм Эдзі Агняцвет досыць шырокая. Яна пісала пра ўсе праявы дзіцячага жыцця: Айчынная вайна з яе трагедыямі і незагойнымі ранамі; гераізм дзяцей і дарослых; адбудова разбуранай сталіцы – Мінска; мірная стваральная праца, якая робіць цуды; дружба, інтэрнацыянальная еднасць працоўных; піянерскае дзяцінства.
У яе творчасці для дзяцей і юнацтва ёсць розныя жанры: лірычны, апавядальна-сюжэтны, сатырычны вершы, верш-дыялог, песня, опернае лібрэта, паэма. Дзіцячыя паэмы часцей за ўсё ўслаўляюць гераічнае ў нядаўняй гісторыі нашага народа, выхоўваюць у дзяцей смеласць, мужнасць. У вершах паэтэсы жыве ўспамін пра вайну. Яна паказвае, што не толькі асірацелыя маці, а нават “зямля ўздыхае па сынах забітых, што з бою не прыйшлі” (“Паслухай, разгадай!”). Гледзячы сёння на шчаслівых дзяцей, яна ўспамінае цяжкія дарогі адступлення, на якіх гінулі ад бамбёжкі дзеці, і не можа стрымаць гневу: “Задушыць бы мне таго фашыста, Хто бамбіць адважыўся малых!”