Уводзіны
1 Тыпалогія слоўнікаў
2 Слоўнікавы артыкул, яго структурныя часткі
Заключэнне
Спіс выкарыстаных крыніц
УВОДЗІНЫ
Праблема тыпалогіі слоўнікаў з’яўляецца адным з найбольш неадназначных і найменш распрацаваных пытанняў сучаснай металексікаграфіі. Важнасць яе вырашэння абумоўлена не толькі неабходнасцю інвентарызацыі існуючых слоўнікаў, але і шчыльна карэлюе з выпрацоўкай вектараў далейшага развіцця тэорыі і практыкі лексікаграфіі.
У цэлым разнастайнасць слоўнікаў тлумачыцца найперш складанасцю і поліаспектнасцю мовы як аб’екта лексікаграфічнага апісання. Ва ўмовах імклівага росту сучасных інфармацыйных тэхналогій лексічны склад мовы папаўняецца і змяняецца надзвычай дынамічна, а статус развітага грамадства прадугледжвае бесперапынную інвентарызацыю і сістэматызацыю моўных рэсурсаў у слоўніках. Гэтым абумоўлена ўзнікненне дзясяткаў лексікаграфічных выданняў, у тым ліку і эксперыментальна-аўтарскага характару, са своеасаблівай структурай і арыгінальным складам рэестра.
Аб’ект работы – беларускія слоунікі і слоўнікавы артыкул.
Прадмет работы – тыпалогія слоўнікаў, структурныя часткі слоўнікавага артыкула.
Мэта – вызначыць і прааналізаваць тыпалогію беларускіх слоўнікаў, паняцце «слоўнікавы артыкул» і яго структурныя часткі.
Пры напісанні работы выкарыстоўвалася вучэбная і навучная літаратура.
1 ТЫПАЛОГІЯ СЛОЎНІКАЎ
Увогуле тыпалогія слоўнікаў з’яўляецца спосабам класіфікацыі існуючых лексікаграфічных прац у залежнасці ад іх фармальных, зместавых і функцыянальных асаблівасцей. Менавіта тыпалагічны спосаб здольны прадстаўляць асобныя слоўнікі з пункту гледжання іх найбольш істотных характарыстык і, такім чынам, садзейнічае сістэмнаму даследаванню лексікаграфічнай прасторы [1].
Патрабаванні да тыпалогіі слоўнікаў тыя ж, што і да класіфікацыі любых іншых аб’ектаў: тыпалогія павінна фіксаваць заканамерныя сувязі паміж яе элементамі і вызначаць месца кожнага з іх у агульнай сістэме.
Асноўнай складанасцю пры тыпалагізацыі слоўнікаў і асноўным аб’ектам для навуковай крытыкі выступаюць самі падставы для іх групоўкі. На жаль, многія з існуючых падыходаў грунтуюцца або на адным крытэрыі (і тым самым ставяць пад сумненне навуковыя падставы тыпалогіі), або з’яўляюцца сумай разрозненых крытэрыяў (і, натуральна, выклікаюць нараканні на лагічныя асновы класіфікацыі) [1].
Паводле прызначэння ўсе слоўнікі дзеляцца на два асноўныя тыпы: энцыклапедычныя і лінгвістычныя.
Энцыклапедычныя выданні падзяляюцца на энцыклапедыі (у іх артыкулы маюць вялікія памеры) і энцыклапедычныя слоўнікі (у іх аб’ём артыкулаў невялікі) [3].
Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, абазначаныя гэтымі словамі; у сціслай форме ў іх выкладзены навуковыя веды пра прадметы, з’явы, падзеі; звесткі пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры. Асобныя гарады і краіны, іх прыродныя багацці і выдатныя мясціны. Загаловычнымі словамі ў энцыклапедычных слоўніках з’яўляюцца назоўнікі (уласныя і агульныя) або спалучэнні назоўнікаў з прыметніка і лічэбнікамі. Яны размяшчаюцца ў алфавітным парадку або паводле тэматычнага прынцыпу (па галінах ведаў).
2 СЛОЎНІКАВЫ АРТЫКУЛ, ЯГО СТРУКТУРНЫЯ ЧАСТКІ
Слова, якое тлумачыцца ў слоўніку, называецца рэестравым (загаловачным). Рэестравае слова падаецца ў слоўніках у пачатковай форме: назоўнік – у назоўным склоне адзіночнага ліку, прыметнік, дзеепрыметнік – у назоўным склону адзіночнага ліку мужчынскага роду, дзеяслоў – у неазначальнай форме і г.д. Рэестравае слова разам з усімі звесткамі пра яго ўтварае слоўнікавы артыкул. Такім чынам, слоўнікавы артыкул – гэта загаловачнае слова з усёй прыведзенай да яго інфармацыяй [4, c.7].
Слоўнікавы артыкул павінен мець па меншай меры наступныя кампаненты:
1) загаловачнае слова;
2) яго фармальныя характарыстыкі (граматычныя, арфаэпічныя, арфаграфічныя і інш.);
3) яго семантызацыю;
4) вытрымкі з тэкстаў, што ілюструюць тую або іншую фармальную ці семантычную асаблівасці загаловачнага слова;
указанні на «суседзяў» загаловачнага слова ў лексічнай сістэме мовы па розных восях семантычнай прасторы мовы;
5) спасылкі і даведкі рознага характару і прызначэння [2].
Будова слоўнікавага артыкула вызначаецца тыпам слоўніка. Рэестравае слова ў энцыклапедычных слоўніках не мае граматычнай і стылістычнай характарыстыкі, у ім толькі пазначана месца націску, а таксама ўказваецца паходжанне запазычаных тэрмінаў. Рэестравымі словамі ў энцыклапедычных слоўніках з’яўляюцца назоўнікі або словазлучэнні з назоўнікамі; шырока ўключаюцца ў якасці загаловачных слоў уласныя назоўнікі (назвы краін, населеных пунктаў, водных басейнаў, прозвішчы выдатных людзей). Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, дыяграмы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі [4, c.8].
ЗАКЛЮЧЭННЕ
При напісанні работы былі прапанаваны наступныя вывады.
1. Лексікаграфія – гэта навука аб прынцыпах адбору слоў у слоўніках розных тыпаў, аб структуры слоўнікавага артыкула, сістэме памет, парадку размяшчэння слоў і г.д.
2. Складанне слоўнікаў выклікаецца рознымі патрэбамі: растлумачыць значэнне слоў, іх ужыванне, паходжанне, правапіс, дапамагчы ў авалодванні замежнай мовай і інш. Таму задачай лексікаграфіі з’яўляецца – сабраць, сістэматызаваць і найбольш поўна і ўсебакова ахарактарызаваць слоўнікавы склад мовы.
3. У мовазнаўстве існуе некалькі дзясяткаў навуковых тыпалогій слоўнікаў, пабудаваных на падставе розных крытэрыяў. Часцей за ўсё падзел слоўнікаў на тыпы адбываецца па розных прыкметах: у залежнасці ад мэты слоўніка, яго памеру, адносін да ядра і перыферыі лексічнай сістэмы, парадку размяшчэння слоў і інш.
4. Слоўнікі істотна адрозніваюцца па аб’ёме, аб’екце фіксацыі, змесце, прызначэнні, спосабах лексікаграфічнай сістэматызацыі матэрыялу.
5. На сучасным этапе развіцця лінгвістыкі прадставіць усю лексіку мовы з пункту гледжання яе паходжання, структуры, значэння, функцыянавання ў адным слоўніку немагчыма. Таму вучонымі ствараюцца розныя лексікаграфічныя працы, прысвечаныя асобным аспектам апісання моўных адзінак. Тоесныя або падобныя фармальна зместавыя характарыстыкі слоўнікаў з’яўляюцца падставай для групоўкі лексікаграфічных прац па канкрэтных тыпах. Многія вядомыя даследчыкі звязвалі свае прафесійныя інтарэсы з распрацоўкай пэўнай класіфікацыйнай матрыцы, якая б дазволіла тыпалагізаваць той або іншы лінгвістычны слоўнік.
1 Дзятко Д.В. Структурна-функцыянальная тыпалогія беларускіх слоўнікаў [Электронны рэсурс] Рэжым доступу: http://elib.bspu.by. – Дата доступу:
2 Лапкоўская Л.М. Беларуская мова (прафесійная лексіка): вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэшых навучальных устаноў па педагагічных спецыяльнасцей // Будова слоўнікавага артыкула [Электронны рэсурс] Рэжым доступу: http://ebooks.grsu.by. – Дата доступу:
3 Лапкоўская Л.М. Беларуская мова (прафесійная лексіка): вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэшых навучальных устаноў па педагагічных спецыяльнасцей // Тыпы слоўнікаў [Электронны рэсурс] Рэжым доступу: http://ebooks.grsu.by. – Дата доступу:
4 Мордас Н.Р. Вучэбны матэрыял па тэме «Лексікаграфія», Н.Р. Мордас, – М: БДПУ ім. Максіма Танка, 2018. – 14 с.
5 Шчэрбін, В.К. Структура беларускай спецыяльнай лексікаграфіі / В.К.Шчэрбін // Лексикографічний бюллетень: зб. наук. праць / відпов. ред. І.С.Гнатюк. – Вип. 20. – К.: Вид. дім Д.Бураго, 2011. – С. 141–152.