Паэзія Яўгеніі Янішчыц
Літаратура
Паэзія Яўгеніі Янішчыц
Асоба Яўгеніі Янішчыц знаёма амаль кожнаму беларускаму школьніку з старэйшай школы – там яе паэзія вывучаецца. Разам з тым трэба адзначыць, што гэта паэтка з’яўляецца адной з самых таленавітых прадстаўніц не толькі жаночай, але і ўвогуле беларускай паэзіі. Адметнай рысай яе паэзіі можна назваць не проста вернасць традыцыям літаратуры, іх працяг, але і важныя наватарскія пошукі, якія ў сваёй паэзіі ажыццяўляла Я. Янішчыц. Трэба адразу ж адзначыць, што вялікая колькасць даследчыкаў творчасці паэткі і ўвогуле літаратуразнаўцаў гавораць пра вялікую ролю гэтай беларускі у выкарыстанні і, што яшчэ больш важна, у творчым пераасэнсаванні фальклорных вобразаў і матываў. Многія крытыкі і даследчыкі беларускай літаратуры не аднойчы звярталі ўвагу на той факт, што фальклор з’яўляўся арганічнай часткай паэтычнага мыслення Я. Янішчыц. У прыватнасці такога пункту гледжання прытрымліваліся Д. Бугаёў, У. Гніламёдаў, С. Калядка [1; 2; 3].
Падрабязней разглядаючы лірыку Я. Янішчыц, можна заўважыць, што там ёсць агульнае з беларускай народнай творчасцю. Напрыклад, гэта можа разглядацца ў дачыненні да ладу вершаванай мовы ці, напрыклад, ў прынцыпе пабудовы метафары. Неаднойчы літаратарамі падкрэсліваўся той факт (ды і просты чытач пры пэўнай ўвазе можа заўважыць гэта асабова), што гэта беларуская паэтка свядома звярталася да фальклорных крыніц, якія былі ёй даступныя, каб, напрыклад, запазычыць адтуль які-небудзь вобраз ці нейкія абставіны, сюжэт. У гэтай сувязі можна згадаць словы А. Кісялёвай: “Сама народная стыхія жыцця падказвала ёй жаночыя вобразы” [4, с. 140]. Гэта можна разгледзець на канкрэтным прыкладзе: верш «Яшчэ спытаю сілы…» дэманструе створаны паэткай тып беларускай жанчыны, у якім вылучаюцца традыцыйныя рысы яе характару: «Яшчэ спытаю сілы // У скрухі і ў трывог. // Ну што ж, ідзі, мой мілы. // Не засланю дарог» [5, с. 166].
1. Бугаёў, Д. Арганічнасць таленту / Д. Бугаёў // Арганічнасць таленту: літ.-крытыч. артыкулы. – Мінск: Маст. літ., 1989. – С. 256–287.
2. Гніламёдаў, У. Ад даўніны да сучаснасці: нарыс пра беларус. паэзію / У. Гніламёдаў. – Мінск: Маст. літ., 2001. – 246 с.
3. Калядка, С. «Любоў мая, ты песня і маркота…»: лірыка Я. Янішчыц / C. Калядка // Роднае слова. – 1998. – № 3. – С. 21–23.
4. Кісялёва, А. Фальклорныя матывы ў паэзіі Яўгеніі Янішчыц / А. Кісялёва // Фальклор і сучасная культура: матэрыялы ІІІ Міжнар. навук.-практ. канф., 21-22 крас. 2011 г., Мінск. У 2 ч. Ч. 2 / рэдкал.: І. С. Роўда [і інш.]. – Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2011. – С. 140–141.
5. Янішчыц, Я. Пара любові і жалю: кн. лірыкі / Я. Янішчыц. – Мінск: Маст. літ., 1983. – 223 с.
6. Янішчыц, Я. Пачынаецца ўсё з любві…: вершы, паэмы / Я. Янішчыц; уклад. В. Шніпа. – Мінск: Маст. літ., 2008. – 339 с.