ТЭМА № 4. Цётка (Алаіза Пашкевіч)
Літаратурная дзейнасць i творы Цёткі. Роля пісьменніцы ў развіцці беларускай дзіцячай літаратуры.
Беларуская літаратура пачатку 20 ст. у літаратуразнаўстве атрымала назву літаратуры нацыянальнага адраджэння, таму што перыяд гэты ў гісторыі нашай краіны сапраўды характарызуецца аднаўленнем нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, змаганнем за дзяржаўную незамежнасць, адраджэннем беларускай мовы і культуры. У гэты час беларуская літаратура ўваходзіць у еўрапейскі культурны працэс, адбываецца стварэнне літаратурнага “класічнага” стылю. Узлёту беларускай літаратуры спрыялі сацыяльна-палітычныя ўмовы пратэсту народных слаёў і іх барацьба за нацыянальнае вызваленне, за права на родную мову і літаратуру на гэтай мове.
Яшчэ ў 1903 годзе на аснове студэнцкага гуртка ў Пецярбурзе “Круг беларускай народнай прасветы” ўзнікла Беларуская рэвалюцыйная грамада (БРГ), якая ў 1905 годзе была перайменавана ў Беларускую сацыялістычную грамаду (БСГ). Членамі грамады з’яўляліся браты Іван і Антон Луцкевічы, Карусь Каганец, Вацлаў Ластоўскі, а таксама Алаіза Пашкевіч, або Цётка. Менавіта ў такі складаны час з’явілася гэтая моцная, мужная духам жанчына, якая прымала актыўны ўдзел у рэвалюцыяным руху на Беларусі, за што нават была вымушана эмігрыгаваць у Аўстра-Венгрыю.
Мікола Ермаловіч пісаў пра Алаізу Пашкевіч: “Цётка як бы аб’ядноўвала ў сабе дзвюх выдатных жанчын нашай старажытнасці – Рагнеду і Ефрасінню Полацкую. Як першая, яна была барацьбітом за волю Радзімы, і як другая, – асветніцай свайго народу” [1]. Яе творчасць цесна знітавана з грамадскай дзейнасцю, для лірыкі характэрны матывы шчырай зацікаўленасці лёсам беларуса, мужыка-працаўніка, абуджэнне нацыянальнай свядомасці, зварот да народна-песеннай сімволікі (вобраз скрыпкі, напрыклад). Ідэал чалавека ў творчасці Цёткі – грамадска актыўны, рэвалюцыйна свядомы. Яна напаўняла свае творы рэвалюцыйнай рамантыкай, рамантычным пафасам, акрамя таго, арганічна ўводзіла элементы асабістага паэтычнага светаадчування. В.А. Максімовіч сцвярджае, што “феномен Цёткі – у неардынарным характары яе творчасці, дзе судакрануліся дзве літаратурныя плыні, дзве гістарычныя эпохі” [2, с. 174]. Такім чынам, яе лірыка знаходзіцца на гістарычным перавале ад паэзіі Францішка Багушэвіча да вершаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.
ТЭМА № 10. Алесь Якімовіч
Алесь Якімовіч – казачнік.
Доктар гістарычных навук Эмануіл Рыгоравіч Іофе ў артыкуле, прысвечаным святкаванню 110 гадавіны з дня нараджэння Алеся Якімовіча, называе яго “беларускім Андэрсанам” [1, с. 128] за плённы ўнёсак у “казачнае” майстэрства. Беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, адзін з землякоў Алеся Якімовіча Васіль Шырко свой нарыс-успамін пра яго назваў вельмі лаканічна – “Казачнік”, ён успамінаў: “У Чурылаве нарадзіўся казачнік. А як вядома, казачнікі нараджаюцца не кожны дзень і, само сабой, не ў кожнай вёсцы...” [2, с. 72]. Менавіта так і ёсць: у гісторыі беларускай літаратуры і, у прыватнасці, дзіцячай літаратуры Алесь Іванавіч Якімовіч застаўся пісьменнікам-казачнікам. За сваё доўгае творчае жыццё аўтар апрацаваў для дзяцей мноства беларускіх народных казак, пераклаў на беларускую мову казкі выдатных сусветных майстроў слова А. Пушкіна, С. Маршака, К. Чукоўскага і інш., а таксама напісаў цэлы шэраг літаратурных казак для дзяцей малодшага ўзросту.
Сам Алесь Якімовіч у аўтабіяграфіі ўзгадваў, што тэма працы над народнымі казкамі, напісання ўласных казачных твораў хвалявала яго доўгі час: “Не раз чытаў іх, перачытваў. Шмат чуў казак некалі ў роднае вёсцы, асабліва ад цыганоў, якія пасля летніх вандровак спыняліся ў нашай вёсцы на зімоўку” [3, с. 474]. Да справы пераапрацоўкі казак творца падыходзіў вельмі сур’ёзна і крапатліва, таму што казка – гэта своеасаблівы ідэйна-эстэтычны і этычны кодэкс народа, які адлюстроўвае яго маральныя погляды і памкненні. У казачнай фантастыцы заўсёды праяўляецца нацыянальны характар людзей, якія яе стварылі, іх незгасальная вера ў перамогу дабра над злом, у лепшую і шчаслівую будучыню, у справядлівасць. У казачным эпасе можна сустрэць рэшткі даўно забытых абрадаў і традыцый, вераванняў, амаль за кожным вобразам захоўваецца подых даўніны. Акрамя таго, казка – твор вуснай народнай творчасці, стагоддзямі яна існавала толькі ў пераказах, у маўленні казачнікаў-прамоўцаў, кожны з якіх дадаваў да першапачатковага тэксту нешта сваё, і ў выніку атрымліваліся казкі, запісаныя даследчыкамі-фалькларыстамі. Але тэксты, запісаныя ад інфарматараў, з’яўляюцца “сырымі”, не гатовымі да паўнавартаснага ўспрымання чытачом, тым больш маленькім. Яны патрабуюць плённай апрацоўкі, скурпулёзнай працы майстра слова, каб захаваць адметныя рысы, цэласную структуру і перадаць асноўную ідэю казачнага твора.
Вершаваная казка “Каваль Вярнідуб”. Сюжэт твора. Выкарыстанне фальклорных традыцый. Вобраз народнага асілка Вярнідуба. Дакладнасць і прыгажосць мовы. Значэнне казкі.
Першая літаратурная казка, якая належыць Алесю Яімовічу, – “Каваль Вярнідуб”. Доўгі час працы з народнымі казкамі паклаў адбітак і на ўласнай творчасці пісьменніка. Валодаючы шырокім вопытам пераапрацоўкі казак, добра ведаючы іх структуру і спецыфіку, Алесь Іванавіч стварыў уласную казку, але цэнзуру яна як жанр не прайшла і творцу давялося чакаць, каб надрукаваць свой твор, адрасаваны дзецям, амаль 7 галоў – з 1929 па 1936 год.
У літаратуразнаўцы Марыны Барсток былі ўсе падставы для такой высновы: “Паводле жанру гэта хутчэй вершаваная аповесць для дзяцей, бо ў ёй вельмі моцны апавядальны элемент. Гэтая казка сацыяльная па зместу, востра канфліктная . У ей паказана барацьба народнага героя супраць прыгнёту і здзекаў над простымі людзьмі. Творча выкарыстаўшы матывы і сюжэты многі х беларускіх і ў першую чаргу казкі “Каваль” з вядомага зборніка А. Сержпутоўскага, аўтар сцвярджае сілу, мудрасць і чалавечнасць народных заступнікаў – волатаў-асілкаў, актыўных змагароў супраць паноў і цара” [5, с. 215]. Такім чынам, вершаваная казка Алеся Якімовіча пабудавана на матэрыяле народных чарадзейных казак пра асілкаў, бытавых, дзе рэзка супрацьпастаўляюцца сацыяльныя слаі сялян і паноў (ці цароў).
Для кожнай казкі характэрны зачын, у якім паведамляецца пра месца дзеяння, нягледзячы на тое, што гэта твор фантастычны. Дадзеную рысу народнай казкі бачым і ў творы “Каваль Вярнідуб”:
Не далёка і не блізка,
Там, дзе сонца ходзіць нізка
Ды гамоняць між сабой
Неба сіняе з зямлёй,
Адным словам, за марамі,
За лясамі, за гарамі
Жыў ды быў найлюты цар.
Вариант 4
1. Народ не згубіў яе скрыпку: 130 гадоў з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі) / Павет // Электронны рэсурс: http://pawet.net/ns/2006/28/№_28_(764).html.
2. Максімовіч, В.А. Творчасць Цёткі (А.Пашкевіч) у грамадска-культурным кантэксце пачатку ХХ ст / В.А. Максімовіч // Эстэтычныя пошукі ў беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя. – Мінск, 2000. – С. 171-208.
3. Цётка. Выбраныя творы: Укл. В. Коўтун / Цётка – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2001. – 336 с.
4. Сабуць, А.Э. “Лучынка” Алаізы Пашкевіч злучыла эпохі. Да 100-годдзя выдання / А. Э. Сабуць // Роднае слова. – 2014. – № 4. – С. 13-18.
Вариант 10
1. Іофе, Э.Р. Яго называлі “беларускім Андэрсанам” / Э.Р. Іофе // Полымя. – 2014. - № 4. – С.128-138.
2. Шырко В. Дарагія мае землякі. Кніга для вучняў. / В. Шырко. – Мінск, 1991. – 158 с.
3. Якімовіч А. Аўтабіяграфія .//Якімовіч А. Збор твораў у трох тамах. Том трэці. – Мінск, 1980. – 480 с.
4. Разанаў, І. Шчодрае сэрца пісьменніка / І. Разанаў // Якімовіч А. Збор твораў. Т. 1. – Мінск. – 1978. – С.4-10.
5. Барсток, М.М. Алесь Якімовіч / М.М. Барсток // Беларуская дзіцячая літаратура. Выданне другое дапрацаванае і дапоўненае. – Мінск: Вышэйшая школа, 1980. – С. 223-236.
6. Яфімава, М.Б. Алесь Якімовіч // М.Б. Яфімава // Беларуская дзіцячая літаратура: вучэбны дапаможнік. – Мінск, 2008. – С. 235-247.