Класіфікацыя беларускіх народных казак
Асаблівасці казачнага сюжэта, кампазіцыі
Значэнне беларускіх народных казак
Канспект заняткаў па беларускіх народных казках пра жывёл
Спіс выкарыстанай літаратуры
Класіфікацыя беларускіх народных казак
Казка – адзін з самых распаўсюджаных і цікавых жанраў. Сярод безлічы разнавіднасцей фальклорнай прозы (легенд, паданняў, фантастычных гісторый і апавяданняў) можна беспамылкова пазнаць казку. Гэта звязана з папулярнасцю, агульнавядомасцю яе герояў (як станоўчых, так і адмоўных): Кацігарошак, Удовін сын, Баба-Яга, бязлітасны Цмок і інш. Лёгка пазнаецца гэты жанр па спецыфічных, уласнаказачных формулах: “Жылі-былі дзед з бабаю…”, або: “І я там быў, мёд, піва піў, па барадзе цякло, а ў роце не было…”.
Увогуле казка – гэта своеасаблівы ідэйна-эстэтычны і этычны кодэкс народа, які адлюстроўвае яго маральныя погляды і памкненні. У казачнай фантастыцы заўсёды праяўляецца нацыянальны характар людзей, якія яе стварылі, іх незгасальная вера ў перамогу дабра над злом, у лепшую і шчаслівую будучыню, у справядлівасць. У казачным эпасе можна сустрэць рэшткі даўно забытых абрадаў і традыцый, вераванняў, амаль за кожным вобразам захоўваецца подых даўніны.
Паводле наяўнасці-адсутнасці аўтара казкі падзяляюцца на літаратурныя і народныя. Літаратурныя казкі маюць пэўнага аўтара, таму называюцца аўтарскімі. Напрыклад, казкі Якуба Коласа (“Рак-вусач”, “Хмарка”, “Крыніца”), Алеся Якімовіча (“Каваль Вярнідуб”, “Казка пра смелага Вожыка”), Максіма Танка (“Галінка і верабей”, “Казка пра мядзведзя”, “Мухамор”) і інш. Літаратурныя, ці аўтарскія, казкі вельмі часта з’яўляюцца творчай апрацоўкай народных тэкстаў або пабудаваны на аснове фальклорных твораў. Народныя ж казкі як твор беларускага фальклора аўтара не маюць, а таксама з-за вуснага бытавання маюць разнастайныя варыянты сюжэта.
Тэма беларускіх народных казак з’яўляецца даволі распрацаванай ў айчыннай навуцы. Так, беларускі даследчык К. П. Кабашнікаў трапна заўважае: “Казка – гэта мастацкае, вуснае, у пераважнай большасці празаічнае апавяданне сацыяльна-бытавога, фантастычнага або авантурна-навелістычнага зместу, якое адлюстроўвае рэчаіснасць праз прызму фантазіі, выдумкі, фальклорнай умоўнасці і заключае ў сабе дыдактычна-павучальны сэнс” [1, с. 75].
Асаблівасці казачнага сюжэта, кампазіцыі
Кампазіцыя тэксту казкі характарызуецца пэўнай устойлівасцю і складаецца з зачына-прыказкі, асноўнай частка, для якой характэрны трохразовы паўтор дзеянняў, і канцоўкі (канцавой прыказкі). Ініцыяльныя і фінальныя абароты – зачыны і канцоўкі, якія расказваюць пра час і месца дзеяння, лагічна арганічна завяршаюць незвычайныя падзеі. Гучаць яны прыкладна так: жылі-былі; даўным-даўно; у некатарым царстве, некатарым гасударстве; у трыдзявятым царстве, трыдзясятым гасударстве; вось і казачцы канец, а хто слухаў – маладзец; пасеяў мужык аўса, а казка мая ўся; і жылі яны доўга і шчасліва; і я там быў, мёд-піва піў, па вусах цякло, а ў рот не трапіла і інш.
Казачны сюжэт і кампазіцыя адрозніваюцца ў залежнасці ад тыпу казкі. Асновай кампазіцыі казак пра жывёл служыць пабудова сюжэту. Найбольш часта сустракаецца кампазіцыя-нанізванне эпізодаў. Напрыклад: “Бык ішоў лесам, насустрач яму баран...”. Сустрэча – толькі пачатак цэлага шэрагу іншых сустрэч. Нанізванне – такі тып паўтору, калі кожнае наступнае звяно, аб’ядноўваючыся з папярэднім, утварае ланцужок, прычым паміж усімі звеннямі ўсталёўваюцца адносіны паслядоўнасці. Ннапрыклад, казка “Зайкава хатка”: “– Чаго ты, зайка, плачаш? – пытае воўк. – Як жа мне не плакаць? Жылі мы з лісічкаю блізка адно каля аднаго. Пабудавалі мы сабе хаты: я з труску-пяску, а яна з труску-сняжку. Настала вясна. Яе хатка растала, а мая стаіць як стаяла. Прыйшла лісічка, выгнала мяне з хаты, а сама ў ёй жыць засталася. Дык вось я сяджу ды плачу. – Не плач, зайка. Пойдзем, я табе памагу, праганю лісічку з твае хаты”. Гэта першае звяно ланцуга сюжэта, далей яно будзе паўтарацца з іншымі жывёламі.
Значэнне беларускіх народных казак
Казка як жанр вуснай народнай творчасці адрасаваны дзецям з’яўляецца абагульненнем ведаў і вопыту народа ў выхаванні маладога пакалення, таму ўтрымлівае ў сабе пазнавальнае, дыдактычна-павучальнае і выхаваўчае значэнне.
Пазнавальнае значэнне казкі праяўляецца перш за ўсё ў тым, што яна адлюстроўвае асаблівасці з’яў у рэальным жыцці і дае шырокія веды пра гісторыю грамадскіх адносін, працу і побыт, а таксама ўяўленне аб светапоглядзе і псіхалогіі народа, аб прыродзе краіны, сюжэты і вобразы заключаюць у сабе шырокую тыпізацыю, ўтрымліваюць абагульненне з’яў, жыцця і характараў людзей.
Казка – своеасаблівы этычны і маральны кодэкс, заключаны ў фантастычную форму, таму валодае яскравым выхаваўчым значэннем. У яе аснове звычайна ляжыць канфлікт дабра са злом. Пры ўліку сюжэтных адрозненняў, казачныя персанажы прадстаўлены шырокай галерэяй вобразаў. Сярод іх вобраз станоўчага героя асабліва важны, менавіта ён шмат у чым вызначае ідэйна-мастацкае значэнне казак. Ён ўвасабляе ў сабе народныя ўяўленні аб справядлівасці, дабрыні, сапраўднай прыгажосці. У ім сканцэнтраваныя ўсе лепшыя якасці чалавека, дзякуючы чаму вобраз персанажа становіцца мастацкім увасабленнем ідэалу. Высокія маральныя якасці герояў раскрываюцца праз іх учынкі.
Адмоўныя ж персанажы рэзка супрацьпастаўленыя станоўчым, іх асноўная роля ў выхаваўчым значэнні казкі накіравана на разуменне дзецьмі няправільнасці такіх паводзін.
А.М. Макарэвіч пераканаўча сцвярджае, што “казкі ўздзейнічаюць на дзяцей эстэтычна, даюць незабыўныя ўрокі народнай маралі, вучаць сумленнасці, сціпласці, працавітасці, душэўнай чуласці і дабрыні. Яны таксама актыўна ўплываюць на мову дзяцей, дапамагаюць ім адчуць прыгажосць роднага слова, мудрасць народа” [2, с. 34].
Канспект заняткаў па беларускіх народных казках пра жывёл
Тэма: “Беларускія народныя казкі пра жывёл”
Мэта: пазнаёміць дзяцей з разнастайнымі беларускімі народнымі казкамі пра жывёл.
Задачы:
Пазнавальныя: вучыць успрымаць вобразны змест твора; удакладняць ўяўленне дзяцей аб характары героя; замацоўваць навыкі выразнага чытання; вучыць выразна і разгорнута адказваць на пытанні; знаёміць дзяцей з разнастайнасцю твораў аб прыродзе.
Развіццёвыя: развіваць станоўчыя адносіны да засваення новага матэрыялу; развіваць увагу, творчае ўяўленне, мысленне, памяць.
Выхаваўчыя: выхоўваць уменне паводзіць сябе на занятках; выхоўваць беражлівыя адносіны да кнігі; фарміраваць ўяўленні аб сяброўстве і ўзаемадапамозе.
Абсталяванне: выявы казачных персанажаў, кнігі беларускіх народных казак пра жывёл, медалі для ўзнагароды, мяч.
Ход занятка
І. Арганізацыйны момант
1. Уступнае слова.
- У некатарым царстве і некатарым гасударстве, на моры-акіяне, на востраве Буяне стаіць дуб зялёны, а пад дубам бык пячоны, і ў яго баку нож тачоны, і зараз той ножык дабываецца – ізволь кушаць! І то яшчэ не казка, толькі прыказка, а хто маю казку будзе слухаць, так таму собаль і куніца і пракрасная дзявіца, сто рублёў на свадзьбу, а пяцьдзясят на прагулянне!
Сёння нас з Вамі чакаюць сапраўдныя казачныя прыгоды! Давайце пачынаць!
ІІ. Асноўная частка.
1. Рэпрадуктыўная гутарка.
- Мы адпраўляемся з Вамі ў падарожжа па краіне беларускіх народных казак пра жывёл. Скажыце, а чаму казкі народныя? (таму што іх прыдумаў народ)
- Малайчынкі! А як Вы думаеце, а чаму казкі называюцца “пра жывёл”?
- Правільна, таму што галоўнымі героямі ў іх з’яўляюцца жывёлы і птушкі.
2. Дыдактычная гульня “Пазнай героя”.
- А давайце з Вамі паспрабуем адгадаць загадкі і даведаемя, якія ж жывлы з’яўляюцца персанажамі народных казак пра жывёл.
Ён прысмакаў еў нямала,
А калi харчоў не стала,
Лапу смокчучы, заснуў,
Ледзве не праспаў вясну (Мядзведзь).