УВОДЗIНЫ
ФЕДАР ЕЎЛАШОЎСКІ
ПЫТАННІ ЎНУТРАНАЙ І ЗНЕШНЯЙ ПАЛІТЫКІ ВКЛ У ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVI СТ
МІЛІТАРНАЯ ТЭМАТЫКА
САЦЫЯЛЬНЫЯ І МІЖКАНФЕСІЙНЫЯ АДНОСІНЫ
ЗАКЛЮЧЭННЕ
ВЫКАРЫСТАНАЯ ЛІТАРАТУРА
УВОДЗIНЫ
Гісторыка-мемуарная літаратура Беларусі другой паловы XVI – XVII стст., прадстаўленая даволі значнай колькасцю дыярыушаў, мемуараў, успамінаў, – арыгінальная, самабытная з’ява ў нашай культуры.
Гісторыка-мемуарныя творы другой паловы XVI – XVII стст. былі напісаны беларускай шляхтай. Шляхецкае саслоўе тады знаходзілася ў цэнтры грамадскага жыцця Рэчы Паспалітай, удзельнічала ў шматлікіх ваенных паходах, рокашах, вызначала дзяржаўную і павятовую палітыку. Адсюль і цэнтральны герой мемуараў (дыярыушаў, успамінаў) – шляхціцы самага рознага стану і заслугаў.
“Успаміны” Ф.Еўлашоўскага – гэта лапідарна-лаканічна акрэслены індывідуальны лёс прадстаўніка сярэднезаможнай шляхты Беларусі другой паловы XVI-пач.XVII стст., які самім ходам абставін быў уключаны ў падзеі аб’ектыўнай рэальнасці.
Яго “Успаміны” – гэта найперш папулярызацыя асноўных ідэалагічных канонаў сярэднезаможнай шляхты, у тым ліку самога сябе. Падмацоўвае гэтае меркаванне распаўсюджанасць шляхецкіх мемуараў у Рэчы Паспалітай у XVII ст., якія пісаліся ў шырокіх маштабах і выконвалі інфармацыйна-дыдактычную функцыю, станавіліся панегірыкам сабе, своеасаблівым завяшчаннем.
ФЕДАР ЕЎЛАШОЎСКІ
Першы беларускі мемуарыст Ф.М.Еўлашоўскі (1546 – 1617/1619 ?) нарадзіўся ў Ляхавічах і пражыў не кароткае, па мерках простага чалавека, жыццё. Дзіцячыя і юнацкія гады жыцця мемуарыста ўмясціліся ў яго ў чатырох абзацах і былі, несумненна, спісаны са слоў бацькоў або з дакументаў, якія захоўваліся ў дамашніх архівах.
Нарадзіўся ён 7 лютага 1546 г. у Ляхавічах (цяпер раённы цэнтр Брэсцкай вобл.) у шляхецкай сям’і. З пяці год пачаў вучобу, засвоіў родную і польскую мовы, а затым ідыш. Пасля прадоўжыў навучанне ў галіне юрыспрудэнцыі, матэматыкі і справаводства.
Ф. Еўлашоўскі належаў да кальвінскага веравызнання, меў сям’ю, жонку Ганну Балатоўну, 9 сыноў і 5 дачок.
Асэнсаванае ўспрыманне жыцця, падзей і людзей у большасці будучых мемуарыстаў вяло пачатак прыкладна з 18 гадоў, - у Ф.Еўлашоўскага з 1564 г., з часу яго паступлення на ваенную службу і ўдзелу ў пераможнай для Рэчы Паспалітай бітве з маскоўцамі на рацэ Ула. У сувязі з гэтым, як бы апраўдваючыся, мемуарыст напісаў, што “…потом аж до уприкреня были ми частые язды на тые войны, а яко юж тераз упатруе, мало потребные, бовем же и Речи Посполитой не веле тэ войны приносили. А мне паметнэ зостали для утерпеня велких пригод, трудности, шкод и невыповеданых невчасов”.Ён выдатны беларускі пісьменнік і дзяржаўны дзеяч.
Ён служыў у войску Вялікага княства Літоўскага, аказваў розныя паслугі польскім каралям Жыгімонту ІІ Аўгусту, Стэфану Баторыю, Жыгімонту ІІІ Ваза, беларускім магнатам М.К.Радзівілу-Сіротке і Я.Г.Хадкевічу. За добранадзейнасць, сумленнасць і руплівасць у працы ў 1577 г. ён атрымаў пасаду пінскага і сервечскага мастаўнічага, а ў 1592 г. – навагрудскага падсудка. У аснову яго “Успамінаў” лёг багаты жыццёвы вопыт, бачаныя на свае вочы тагачасныя ваенныя і палітычныя падзеі краю, а таксама людзі, што сустракаліся Ф.Еўлашоўскаму на яго жыццёвай дарозе,
ПЫТАННІ ЎНУТРАНАЙ І ЗНЕШНЯЙ ПАЛІТЫКІ ВКЛ У ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVI СТ
У жанравым плане гэта класічны мемуарны твор з элементамі мастацка-літаратурнага вымыслу. Пераважна, аўтар запісваў звесткі пра сваё жыццё, пра асабістыя ўражанні. Між іншым, падаюцца звесткі пра асобныя гістарычныя падзеі 16—17 ст.: асобныя бітвы Лівонскай вайны (1558—1583), прыёмы каралямі Рэчы Паспалітай замежных паслоў, заключэнне Люблінскай уніі (1569), выбары каралёў. У сваіх мемуарах Еўлашоўскі не закранаў пытанняў вялікай палітыкі, бо лічыў яе справай кампетэнцыі знатных паноў, абраных Богам. Ён звычайна толькі канстатаваў сам факт, падзею і тут жа падкрэсліваў сваю безуважнасць да яе.
Лічачы сябе патрыётам Вялікага княства Літоўскага, Еўлашоўскі ганарыцца яго дзяржаўнымі дзеячамі. Ён не без злараднасці заўважае, што ў час бескаралеўя польскія паны былі напалоханы магчымасцю адпадзення Вялікага княства Літоўскага ад дзяржаўнага саюза з Польшчай і вельмі баяліся яго збліжэння з рускай дзяржавай. Ён таксама падкрэслівае, што на Варшаўскім вальным сейме 1578 г. маршалкам у пасольскай хаце быў абраны не паляк, а менавіта "наш литвин - Лукаш Болько Свирский". Аднак нягледзячы на свой патрыятызм, Еўлашоўскі не змог устаяць супраць магутнай хвалі паланізацыі, якая ў той час захіснула шляхецкае саслоўе, што адбілася, у прыватнасці, і на мове яго мемуараў, багата насычанай паланізмамі.
Мастацка-кампазіцыйную аснову «Гістарычных запісак» утвараюць кароткія аповеды пра падзеі, што адбываліся ў Вялікім Княстве Літоўскім з 1566 да 1604 года. Яны падаюцца ў строгай храналагічнай паслядоўнасці. Выбар падзей у якасці аб'екта адлюстравання — яшчэ адна важная праява творчага метаду мемуарыста.
МІЛІТАРНАЯ ТЭМАТЫКА
На старонках «Гістарычных запісак» знайшла адлюстраванне мілітарная тэматыка, пераважна ў форме занатовак, асобных штрыхоў пра ваенныя падзеі, паведамленні пра месцы знаходжання, дыслакацыю баявых харугваў: «Тое ж осени король его милость был з войском и в шиху под Радошковичами». Перамогу беларускіх харугваў над маскоўскімі заваёўнікамі пад Улаю ў 1564 г. пісьменнік называе «шчаслівай», згадаўшы пра свой удзел у ёй: «А потом, за наступленем и поднесенем войны от короля его милости Жигимонта Августа с князем Иваном московским, былэм первшыи раз на войне, где и битва была нашим щаслива над москвою, року 1564, месяца генваря 26, на Иванполю, над рекою Улою».
Мемуарыст фіксуе час вяртання замкаў і гарадоў, захопленых раней маскоўскімі войскамі: «Року того ж 80, вресня 5, король его милость под московским Луки взял был». Уласны ваенны досвед аўтара спрычыніўся да стрыманых ацэнак вынікаў вайны, пазбягання ўсялякай яе гераізацыі. У творчым інтэрпрэтаванні мемуарыста вайна — прычына шматлікіх бедаў, неверагодных чалавечых пакут, псіхалагічных стрэсаў, незлічоных страт. Яна не вядзе да станоўчых вынікаў. Аўтар упэўнена сцвярджае, што вайна не прыносіць карысці асобнаму чалавеку, і дапускае, што ад яе няшмат карысці для краіны: «А потом аж до уприкреня были ми частые язды на тые войны, а яко юж тераз упатруе, мало потребные, бо вем, же и речи посполитой пожитку не веле тэ войны приносили. А мне паметнэ зостали для утерпеня велких пригод, трудности, шкод и невыповеданых невчасов». Пазіцыя Ф. Еўлашоўскага набывае ледзьве не пацыфісцкую скіраванасць, калі ён дзякуе Богу, што той пазбавіў яго няшчасця ўдзельнічаць у чарговых ваенных кампаніях.
САЦЫЯЛЬНЫЯ І МІЖКАНФЕСІЙНЫЯ АДНОСІНЫ
Тэму міжканфесійных дачыненняў у ВКЛ Ф. Еўлашоўскі раскрывае праз ідэалізаванне адносін паміж вернікамі розных веравызнанняў у мінулыя часы, калі яны маглі сустракацца і мірна весці супольныя справы, з павагай ставіліся адзін да другога. Пісьменнік называе той час «залатым векам»: «Для чого самого том тот век злотым ми ся види от нинейшого веку». Працягам гэтай добрай традыцыі, на думку аўтара, былі яго шчыльныя кантакты з каталікамі — Янам Макавецкім, канонікам віленскім, і Баўтрамеем Нядзвецкім. Пры развязанні праблемы міжканфесійных стасункаў аўтар «Гістарычных запісак» ужывае публіцыстычны пасаж, у якім выказвае спадзяванне на тое, што ўлады Княства зробяць усё магчымае, каб не дапусціць грамадзянскай вайны на рэлігійнай глебе.
Ф. Еўлашоўскі не абышоў тэмы сацыяльных канфліктаў, на якія хварэла тагачаснае грамадства. У творы яна адбілася ў форме аповедаў пра судовыя справы паміж магнатамі, шляхтай з-за маёмасных прэтэнзій, маральных траўмаў, крыміналу.
Пісьменнік паказаў тагачасныя звычаі і рытуалы пры двары вялікага князя. Ён, у прыватнасці, перадае сцэну аўдыенцыі ў С. Баторыя князя Сямёна Слуцкага, які вітаў манарха арацыяй.
Мемуары Еўлашоўскага—своеасаблівы зборнік надзвычай цікавых, месцамі нават сюжэтна разгорнутых бытавых навел, у цэнтры якіх жывы, рэальны чалавек з уласцівымі яму рысамі характару і псіхалогіі. Перад чытачом паўстае вобраз самога аўтара—цудоўнага сем’яніна, пяшчотнага сына, які паважае бацькоў, любіць сваіх дзяцей, перажывае за іх лёс.
Арыгінал мемуараў—рукапіс без пачатковых 55 старонак. Мова мемуараў —узор гутаркова-апавядальнага беларуска-польскага жаргону, якім карысталіся ў той час службовыя асобы беларускага паходжання.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Селекцыя матэрыялу ва “Успамінах” Ф.Еўлашоўскага навідавоку. Ён не пісаў пра бытавыя дробязі, стан надвор’я, цэны на збожжа, а строга, кананічна падаваў інфармацыю пра грамадска-палітычныя падзеі ў Вялікім княстве Літоўскім другой паловы XVI-пач.XVII стст. праз прызму свайго светабачання.
Ф. Еўлашоўскі — заснавальнік мемуарнага жанру і новай мастацкай традыцыі ў беларускай літаратуры, якая ў наступныя часы атрымала імклівае развіццё, істотна паўплывала на развіццё празаічных мастацкіх формаў.
«Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага — выдатная гістарычная крыніца, найкаштоўнейшы помнік нацыянальнай пісьмовай культуры.
У выніку мы маем зборны партрэт перш за ўсѐ беларускай шляхты другой паловы XVI-пач.XVII стст., маем яе тыпаж ад нізу да верху, яе вызначальныя рысы характару. Прадстаўнікі гэтай шляхты, урэшце, прадвызначылі і далейшае развіццё мемуаратворчасці на Беларусі, толькі пісалі яны, і не толькі пісалі, а і размаўлялі ўжо па-польску.
1 Асветнікі зямлі беларускай: Х — пачатак ХХ ст.: энцыкл. давед. — Мн., 2001;
2 Гісторыя беларускай літаратуры ХІ-ХІХ стагоддзяў: У 2 т. Т.1. Даўняя літаратура: ХІ - першая палова ХVІІІ стагоддзя - Мн., 2006.
3 Мальдзіс, А. Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: Нарысы быту і звычаяў / А. Мальдзіс. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1982. — 256 с.
4 Саверчанка І. Фёдар Еўлашоўскі — класік мемуарыстыкі: [пра пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча XVI—XVII стст.] // Літаратура і мастацтва. — 2006. — 23 чэрв. (№ 25). — С. 14;
5 Свяжынскі У. Дыярыуш і Еўлашоўскі: [пра грамадскага дзеяча і пісьменніка эпохі Вялікага Княства Літоўскага Фёдара Еўлашоўскага] // Краязнаўчая газета. — 2006. — Сак. (№ 12);
6 Свяжынскі У. Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 3. — Мінск, 1996. — С. 357;
7 Старажытная беларуская літаратура (ХІІ–XVII стст.) / Уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. — Мінск: Кнігазбор, 2007. — 608 с. [8] с.: іл. — («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).
8 Таранеўскі В. У. Штрыхі да «Успамінаў» Ф. Еўлашоўскага і «Реестра списань…» Ф. Кміты-Чарнабыльскага: [прысвечана мемуарнай літаратуры Беларусі другой паловы XVI — пачатку XVII ст.] // Ученые записки УО «ВГУ им. П. М. Машерова»: сборник научных статей / Министерство образования Республики Беларусь, Витебский государственный университет им. П. М. Машерова; [редколлегия: А. В. Русецкий (главный редактор) и др.]. — Т. 6. — С. 177—190.
9 Фёдар Еўлашоўскі: грамадскі дзеяч і пісьменнік эпохі ВКЛ // Славутыя імёны Бацькаўшчыны: - Мінск, 2000. – с. 78-86