Уводзіны
Глава 1. Тэарэтычныя асновы фарміравання цікавасці да чытання і кнігі ў вучняў пачатковых класаў
1.1 Праблема фарміравання цікавасці да чытання і кнігі ў вучняў пачатковых класаў
1.2 Метадычныя асновы вывучэння літаратурнага твора ў пачатковых класах
Спіс выкарыстанай літаратуры
УВОДЗІНЫ
Літаратурнаму чытанню належыць вядучая роля на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта абумоўлена важнасцю задач, якія на ім вырашаюцца. Чытанне з’яўляецца не толькі прадметам навучання, але і сродкам уваходжання вучняў у свет мастацкай літаратуры, універсальным сродкам іх дзейнасці па авалоданні сістэмай паняццяў, якія складаюць змест усіх навучальных дысцыплін. За кошт авалодання ўменнем чытаць і пісаць вучні набываюць здольнасць лепш разумець людзей, прыроду, усю навакольную рэчаіснасць, больш выразна і дакладна выказваць уласныя пачуцці і думкі. У працэсе сталення вучняў чытанне становіцца крыніцай і сродкам іх самаадукацыі і самавыхавання.
Літаратурнае чытанне з’яўляецца неабходнай састаўной часткай маўленчай дзейнасці вучняў, служыць дзейсным сродкам сацыялізацыі, выхавання і развіцця асобы.
Развіццё чытацкай кампетэнтнасці ў малодшых школьнікаў стаіць на першым месцы для далейшага паспяховага навучання па розных прадметах. Вучань павінен паўнавартасна ўспрымаць мастацкую літаратуру, эмацыянальна адклікацца на прачытанае, выказваць сваю кропку гледжання на ўчынкі літаратурных герояў і паважаць меркаванне суразмоўцы.
Беларуская літаратура – дысцыпліна культуралагічнага цыкла, якая паслядоўна і сістэматычна далучае вучняў да мастацтва. Літаратура ў школе – сродак эстэтычнага асваення (вымярэння) жыцця, яго маральных нормаў і вартасцей. Урок літаратуры – гэта найперш “працэс жыццяпазнання, скіраваны на выпрацоўку крытычнага і мадэлюючага тыпаў мыслення”. Родная літаратура каштоўная сваімі ідэямі і тым асобасным сэнсам, які маюць сюжэт літаратурнага твора, мастацкія вобразы, адносіны і стаўленне самога аўтара да герояў і падзей да жыцця і свету. Вывучэнне літаратуры дапамагае ім убачыць разнастайнасць свету, адкрыць таямніцы пісьменніцкага майстэрства, набыць вопыт маўленчай і творчай дзейнасці, авалодаць культурай чытання, з павагай і любоўю ставіцца да мастацкай кнігі. Такім чынам, у арганічнай сувязі з пазнаннем літаратуры як мастацтва ідзе працэс фарміравання сістэмы каштоўнасных арыентацый вучня, адносін яго да жыцця, да людзей, працэс усведамлення сябе асобай.
Задача школы ўвогуле і ўрокаў беларускай літаратуры ў прыватнасці – “выхаванне новага чалавека, усебакова развітай асобы, выхаванне ў вучняў высокай культуры маўлення” [5, с. 114]. “Удасканаленне літаратурнай адукацыі школьнікаў — важная састаўная частка шматграннай работы педагагічных калектываў школ па фарміраванню ўсебакова і гарманічна развітой асобы”[3, с. 123]. Культура мовы вучыць матываванаму выкарыстанню моўных сродкаў. Без апошняй нельга ўявіць гарманічную асобу, актыўную ў грамадстве.
ГЛАВА 1. ТЭАРЭТЫЧНЫЯ АСНОВЫ ФАРМІРАВАННЯ ЦІКАВАСЦІ ДА ЧЫТАННЯ І КНІГІ Ў ВУЧНЯЎ ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ
1.1 Праблема фарміравання цікавасці да чытання і кнігі ў вучняў пачатковых класаў
Чытацкая дзейнасць на сучасным этапе з’яўляецца, па-першае, адной з важных форм сацыялізацыі асобы, далучэння яе да сацыяльнага вопыту чалавецтва, па-другое, сродкам разумовай працы, пазнання, чалавечых стасункаў і духоўнага развіцця, па-трэцяе, чытацкая дзейнасць пераўтвараецца ў непасрэдную вытворчую моц інтэлектуальнага і духоўнага развіцця чалавека і чалавецтва цалкам. Але яна абмежавана ўключана ў жыццядзейнасць чалавека, уяўляе сабой мэтанакіраваны і актыўны спосаб адносін да вонкавага свету. Гэты спосаб адносін накіраваны на задавальненне ідэалагічных, прафесійных, эстэтычных і іншых патрэб сацыяльнага суб’екта. Культура чытацкай дзейнасці цесна звязана з культурай моўнай дзейнасці і культурай асобы цалкам. Выхаванне культуры чытання адбываецца ў сям’і, школе, культурных цэнтрах. Настаўнікам у навучанні і выхаванні чалавека, які актыўна чытае, важна памятаць, што толькі праз чалавечае перажыванне, якое ўзнікае ў працэсе чытання, спасцігаецца ідэйна-вобразны змест літаратурнага твора, адбываецца даследаванне праблем жыцця і смерці, незалежнасці і выбару, сэнсу існавання, любові і адзіноцтва.
Свет уступіў у новае тысячагоддзе, дзе пануе тэлебачанне, камп’ютары, відэагульні, дзеці страцілі цікавасць да чытання і кнігі. Праблема фарміравання правільнага,свядомага, беглага і выразнага чытання з'яўляецца падмуркам усёй наступнай адукацыі.
Навучыць чытаць дзяцей, вядома ж, цяжка, але яшчэ цяжэй навучыць іх палюбіць чытанне. Спачатку дзецям падабаецца сам працэс авалодання чытаннем. Ім цікава бачыць, як з літар узнікаюць добра знаёмыя словы. Але калі справа даходзіць да нарошчвання тэмпу чытання, калі настаўнік у класе, а бацькі дома спрабуюць прымусіць дзіця чытаць і чытаць, каб узрастала тэхніка чытання, тут шмат у каго знікае цікавасць сядзець за кнігай. Паглядзець мультфільм, пасядзець ля камп’ютара – і прасцей і цікавей.
“Людзі перастаюць думаць, калі яны перастаюць чытаць” [2, c. 9]. Гэтыя словы былі сказаны вялікім французскім мысліцелем Дані Дзідро шмат гадоў назад. Актуальныя яны і цяпер, так як вырашэнне праблемы прывіцця цікавасці да чытання вырашае шэраг выхаваўчых, адукацыйных і развіццёвых задач навучання і выхавання.
Адной з галоўных задач навучання ў пачатковай школе з'яўляецца
фарміраванне ў дзяцей умення чытаць. І хоць намаганняў у гэтым накірунку прыкладаецца нямала, вынікі няможна назваць задавальняючымі, бо педагагічная практыка паказвае, што ў дзяцей у пачатковых класах навык чытання фарміруецца недастаткова паўнацэнна. Гэта прыводзіць да таго, што школьнікі адчуваюць істотныя цяжкасці пры працы з вербальнай інфармацыяй, што патрабуе вялікай напружанасці іх інтэлектуальных сіл, і ў іх паступова знікае цікавасць да самаго працэсу чытання.
1.2 Метадычныя асновы вывучэння літаратурнага твора ў пачатковых класах
Асноўная задача ўрокаў літаратурнага чытання – навучыць дзяцей правільнаму, свядомаму, бегламу і выразнаму чытанню. Акрамя гэтага, развіць творчыя здольнасці вучняў пачатковых классаў. Што ж такое творчасць? Творчасць – гэта культурная (мастацкая і іншая інтэлектуальная) дзейнасць, што завяршаецца з’яўленнем якасна новага, не існаваўшага раней самастойнага выніку інтэлектуальнай дзейнасці ў выглядзе матэрыяльных ці духоўных каштоўнасцей [3, с. 248].
Аналіз зместу мастацкага твора ў пачатковай школе вельмі важны: трэба вучыць дзяцей поўна ўспрымаць мастацкі твор, разумець яго ідэйны змест, пазіцыю аўтара; выказваць ўласнае стаўленне да гэтай пазіцыі; выхаванне ў вучняў пачатковых класаў цікавасці да чытання і мастацкай літаратуры, развіццё культуры ўспрымання мастацкага тэксту, пашырэнне чытацкага кругагляду і інш.
Пры вывучэнні апавяданняў вучні знаёмяцца з адлюстроўваннем жыцця людзей, рознымі фактамі, з’явамі прыроды. У сувязі з гэтым мастацкі твор праз канкрэтны вобраз дапамагае чытачу лепш убачыць і зразумець жыццё. Ідэі, настрой пісьменніка перадаюцца чытачу і выклікаюць у вучняў адпаведныя думкі, пачуцці, фарміруюць светапогляд. Часта ў творах падаюцца малюнкі прыроды, вобразы, якія хвалююць сваёй прыгажосцю.
Мастацкія творы багатыя выяўленчымі сродкамі: метафарамі, эпітэтамі, параўнаннямі. Асноўная вартасць мастацкай літаратуры – яе ідэйнасць і вобразнасць. Успрыманне мастацкага твора залежыць ад выразнасці яго чытання. Выразнае чытанне выклікае ў дзяцей вобразныя ўяўленні, думкі, пачуцці, настрой. У працэсе чытання і аналізу мастацкага твора вядуцца назіранні за мовай, за некаторымі асаблівасцямі кампазіцыі твора, таму што
задума пісьменніка раскрываецца ўсёй сістэмай выяўленчых сродкаў.
У структуры ўрока прадугледжаны розныя віды заняткаў, якія патрабуюць ад вучняў удумлівага чытання твора, дапамагаюць усведамленню яго галоўнай думкі і ўстанаўленню сваіх адносін да герояў [7, с. 208].
1. Адамова, Е.А., Яковлева В.Н., Чтение в начальных классах. / Е.А. Адамова, В.Н. Яковлева – М., 1997. – 169 с.
2. Актуальные вопросы формирования интереса в обучении. Учебное пособие / Под ред. Г.И. Щукиной. М.: Просвещение, 1984. - 176 с.
3. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі – Трыо / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш– Мн.: БелЭн, 2002. – Т. 15. — 552 с.
4. Вывучэнне беларускай мовы і літаратуры ў школе: Кніга для настаўніка: зб. артыкулаў / Пад рэд. М.А. Лазарука. — Мінск: Народная асвета, 1988. — С.19-29.
5. Кулагіна, П.А. Пошук як умова творчасці (за вопыту работы настаўніка) / П.А. Кулагіна // Вывучэнне беларускай мовы і літаратуры ў школе: Кніга для настаўніка: зб. артыкулаў / Пад рэд. М.А. Лазарука. — Мінск: Народная асвета, 1988. — С.123-126.
6. Ляшук, В.Я. Лабараторныя заняткі па методыцы выкладання беларускай літаратуры / В.Я. Ляшук. — Мінск: Вышэйшая школа, 1988. — 205 с.
7. Методические основы языкового образования и литературного развития младших школьников. Под ред. Т.Г. Ралізаевой. – С-Пб.: Специальная литература, 2007. – 405 с.
8. Методыка выкладання беларускай літаратуры: вучэб. дапаможнік / Л. В. Асташонак, Г.С. Гарадко, Г.М. Ішчанка і інш. / Пад рэд. В.Я. Ляшук. — Мінск: ТАА “Асар”, 2002. — 416 с.
9. Смыкоўская, В.І. Урокі майстра / В.І. Смыкоўская // Літаратурная адукацыя Беларусі на сучасным этапе / А.І. Бельскі. — Мінск: Нацыянальны інстытут адукацыі, 2008. — С.187-191.