УВОДЗІНЫ
Імя Васіля Быкава ў нацыянальнай літаратуры і для ўсёй Беларусі – знакавае. Гэта імя па-сапраўднаму вялікага пісьменніка, якога ўжо пры жыцці называлі класікам і духоўным прарокам нацыі. Ён быў для Беларусі літаратурным геніем, які стварыў выдатныя творы, глыбокую філасофію гуманізму. У аснове творчай манеры Быкава – суровая праўда ў адлюстраванні вайны, яе драматычных і трагічных сітуацый, пільная ўвага да думак і пачуццяў чалавека, дэмакратызм і абвостраная чалавечнасць, філасофская насычанасць і выразнасць апавядальнай манеры.
Проза В. Быкава – гэта сур'ёзны набытак для беларускай літаратуры. Яна з'яўляецца своеасаблівым абеліскам памяці тым, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны. За ўсім, пра што апавядае Быкаў у сваіх творах, моцна адчуваецца прысутнасць беларускай рэчаіснасці, нашай унікальнай нацыянальнай гісторыі, пройдзеных намі за дзесяць стагоддзяў крыжовых шляхоў, надзвычай уражлівых і павучальных. У яго прозе з надзвычайнай вобразнай сілай выявіўся вопыт перажытага ім самім і яго пакаленнем, якое пісьменнік нездарма назваў «забітым» і якое амаль цалкам засталося на полі бою.
“Васіль Быкаў – гэта ўнікальная эстэтычная з'ява ў айчыннай і сусветнай літаратуры, найвялікшая ступень мастацкай праўдзівасці, глыбіня пранікнення ў таямніцы народнай і чалавечай псіхалогіі, рэдкасная вастрыня і рэчыўнасць вобразнага бачання свету, фенаменальная своечасовасць большасці публікацый, вялікая ўдзельная вага вобразнага і публіцыстычнага слова, прытчавая шматзначнасць і прарочая відушчасць”, – адзначае М. Тычына [28, с. 3]. Таму такім важным з’яўляецца вывучэнне творчасці пісьменніка не толькі з літаратуразнаўчага боку, але і з лінгвістычнага.
Найбольш цікавяць даследчыкаў мовы твораў В.Быкава іх лексічныя асаблівасці.
Мэта курсавой работы – разгляд асаблівасцей мовы твораў Васіля Быкава ў лінгвістычных даследаваннях.
Задачы:
1) прааналізаваць асноўныя напрамкі лінгвістычных прац па тэме даследавання;
2) ахарактарызаваць лексічныя асаблівасці твораў В. Быкава з пункту погляду сучасных даследаванняў.
Аб’ект даследавання – мова твораў В. Быкава ў лінгвістычных працах.
Прадмет даследавання – лексічныя асаблівасці мовы твораў В. Быкава ў лінгвістычных працах.
ГЛАВА 1. МОЎНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ АРЫГІНАЛЬНЫХ ТВОРАЎ В. БЫКАВА
1.1. Адметнасць лексікі
Асобныя тэматычныя групы лексікі прозы В. Быкава вывучалі такія моваведы, як Я.І. Абрамава і В.С. Фаміна, У.У. Барысюк, В.М. Емельяновіч, В.В. Якжык і інш.
Я.І. Абрамава і В.С. Фаміна прасачылі функцыі антрапонімаў у рамане В. Быкава “Кар’ер”. Адзначыўшы разнастайнасць разрадаў анамастычнай лексікі ў рамане (антрапонімы, тапонімы, звонімы, гідронімы), аўтары падкрэслілі найбольшую колькасць і структурную разнастайнасць антрапонімаў (прозвішчаў, імёнаў, імёнаў па бацьку). Традыцыйна вылучаюцца тры асноўныя функцыі антрапонімаў у мастацкім творы: характарыстычная, намінатыўная, ідэалагічная. Асаблівасцю ўжывання В. Быкавым уласных імёнаў, паводле назіранняў даследчыкаў, з’яўляецца тое, што “удзельная вага антрапонімаў, якія нясуць характарыстычную функцыю, у рамане ...невялікая” [3, с. 31]. Для характарыстыкі асобы пісьменнік знаходзіць іншыя сродкі: лексічныя, кантэкстава-сітуацыйныя.
У.У. Барысюк і В.М. Емельяновіч апісваюць выкарыстанне пісьменнікам уласных асабовых назваў якраз з характарыстычнымі мэтамі. Цалкам можна пагадзіцца з меркаваннем, што В.Быкаў герою аповесці “Жураўліны крык” Аўсееву імя Алік дае не выпадкова, а з мэтай падкрэсліць, што ён нарадзіўся і вырас не ў сялянскай сям’і, а ў горадзе: у вёсцы такіх імёнаў не давалі. Аднак сцвярджэнне, што гэтым іменем “Быкаў як бы падкрэслівае выключнасць, якую надаваў сабе Аўсееў, распешчаны ў дзяцінстве беларучка” [5, с. 19], не пераконвае.
Зразумела, што пісьменнікі нярэдка звяртаюцца да такога прыёму раскрыцця характару літаратурнага героя, як ужыванне “гаворачых” прозвішчаў, аднак часам даследчыкі імкнуцца знайсці іх там, дзе аўтар твора, напэўна, і не меў на ўвазе. Пагодзімся з меркаваннем Г.І. Куляша, што выклікаюць нязгоду вытлумачэнні сэнсу прозвішчаў герояў аповесці “Знак бяды”: “Гаворачыя” прозвішчы, ужытыя пісьменнікам, прозвішчы з “перспектывай”, бо на самай справе Багацькі не былі багатыя літаральна, а багатыя душою, веліччу свайго штодзённага жыцця і подзвігу; Гужовы, як вуж, слізкія, яны нарадзілі здрадніка Гужа; нешта сярэдняе Ганчарыкі. Што ж датычыць антрапоніма Недасека, то і ў носьбітаў гэтага прозвішча паводзіны найчасцей непаслядоўныя” [16, с. 245].
ГЛАВА 2. МОЎНЫЯ АСАБЛІВАСЦІ ПЕРАКЛАДНЫХ ТВОРАЎ В. БЫКАВА
2.1. Асаблівасці перакладу лексікі
Асаблівасці перакладу безэквівалентнай лексікі ў рускіх варыянтах аповесці “Аблава”, апавяданнях “Адна ноч”, “Эстафета”, “Ранак-світанак” даследуе П.У. Сушкевіч. Даследчык падкрэслівае, што пры перакладзе важна не толькі адэкватна адлюстраваць сістэму вобразаў і паняццяў твора, але і перадаць яго нацыянальна-культурную спецыфіку, што ўвасабляецца ў мове, на якой ён напісаны. Аналіз перакладу твораў В. Быкава на рускую мову паказвае, што структурна-сістэмныя разыходжанні, якія існуюць паміж беларускай і рускай мовамі, знаходзяць адлюстраванне ў тэксце перакладу. Даследчык прыводзіць наступныя прыклады перакладу безэквівалентнай лексікі: “назвы прыродных з’яў: балацявіна ’нізкае забалочанае месца’ перакладаецца як дальняя пойма; імшарына ’мохавае балота’ – у перакладзе луговая пойма; глыж ’камяк ссохлай або змёрзлай зямлі, звычайна гліны’ перакладзена як комья земли. Назвы з’яў, што маюць дачыненне да сельскай гаспадаркі: бульбянішча ’месца, дзе расла бульба’ перакладаецца як картофельное поле. Да гэтай жа групы можна аднесці і слова расцяробы ’месца, дзе расцерабілі лес, кусты’. У перакладзе ўжываецца словазлучэнне усыпанная старыми пнями делянка. Назвы жывёл: дзік – у перакладзе дикий кабан. Назвы дэталей адзення: матузы ’скручаная вузкая палоска тканіны, шнурочак для завязкі’ перакладаецца як лоскуты одежды. Назвы прадпрыемстваў, вытворчасцей: цагельня перакладзена як кирпичный завод. Назвы пары сутак: надвячоркам ’перад самым надыходам вечара’ у перакладзе на исходе дня. Некаторыя дзеясловы, што маюць значэнне ментальнай дзейнасці: назаляць (пра думку) ’часта прыставаць да каго-н., турбаваць каго-н., дакучаць каму-н.’ перакладаецца як назойливо сверлить. Назвы будынкаў, дэталей будынкаў: скляпенне ’дугападобнае перакрыцце, якое злучае сцены, апоры пэўнага збудавання’ – у перакладзе своды подьезда” [25, с. 55].
Даследчык адзначае, што не заўсёды безэквівалентная лексіка перакладаецца словазлучэннямі, у шэрагу выпадкаў яна перадаецца адным словам.
Пагодзімся з высновай аўтара, што безэквівалентная лексіка стварае пэўныя цяжкасці пры перакладзе. У фармальна-структурным плане яна “падаўжае тэкст перакладу, у змястоўным – з’яўляецца адной з крыніц нацыянальна-культурнай своеасаблівасці твора” [25, с. 55].
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Творчасць Васіля Быкава ўспрымаецца не толькі як унікальная з’ява беларускай прозы, але і таксама як дасягненне літаратуры сусветнай. Пра тое, што хвалявала і хвалюе людзей, гавораць і пішуць многія. Але мала да каго з пісьменнікаў адносяцца з такой павагай, як да Быкава. Аўтарытэт пісьменніка пацверджаны і вялікай колькасцю лінгвістычных даследаванняў яго спадчыны.
Падчас дадзенай працы былі разгледжаны літаратуразнаўчыя артыкулы, прысвечаныя даследаванню лексічных асаблівасцей твораў В. Быкава.
Па выніках дадзенага даследавання можна зрабіць наступныя вывады.
Даследчыкаў у вялікай ступені цікавяць лексічныя асаблівасці прозы В. Быкава. Працы, прысвечаныя гэтаму пытанню, разглядаюць розныя аспеты. Так, шэраг даследчыкаў (Я.І. Абрамава, В.С. Фаміна, У.У. Барысюк, В.М. Емельяновіч) цікавіць анамастычная лексіка В. Быкава. Вучоныя вызначаюць разнастайнасць разрадаў анамастычнай лексікі ў творах Быкава і ў цэлым прыходзяць да высновы, удзельная вага антрапонімаў, якія нясуць характарыстычную функцыю, у асобных творах В. Быкава невялікая і “гаворачых” прозвішчаў у аўтара няшмат. В.В. Якжык, разглядаючы ваенную лексіку, прыходзіць да вываду пра яе асаблівасць развіваць пераносныя значэнні, набываць экспрэсіўнасць, уступаць у сінанімічныя адносіны з агульнаўжывальнай лексікай. Невербальная лексіка ў творах В. Быкава цікавіць А.М. Чарнышову.
Больш за ўсё прааналізаваных лінгвістычных прац асвятляюць выкарыстанне русізмаў у прозе В. Быкава. У прозе В. Быкава атрымала адлюстраванне такая з’ява сучаснасці, як лексічная інтэрферэнцыя, выкліканая наяўнасцю разыходжанняў або частковага падабенства ва ўласналексемным і семантычным аспектах беларускай і рускай моў і якая праяўляецца ў падмене беларускай лексікі рускай лексікай, калі носьбіт мовы размаўляе па-беларуску і наадварот.
Лінгвісты (В.А. Мяснікова, І.М. Лапіцкая, С. Берднік, І.У. Шаломская і інш.) у цэлым прыходзяць да высновы, што большасць русізмаў служыць для моўнай характарыстыкі герояў, а таксама вызначаюць асобныя спрэчныя выпадкі мэтазгоднасці ўжывання русізмаў. Аднак калі адны моваведы (В.А. Мяснікова) больш катэгарычна адносяць спрэчныя выпадкі да моўных пралікаў пісьменніка, іншыя (І.М. Лапіцкая) адзначаюць цяжкасць у адрозненні таго, свядома ці несвядома ўжывае пісьменнік рускія словы ў аўтарскім тэксце.
1. Абабурка, М. В. Адметнасці ў стылі і мове твораў В. Быкава : дапаможнік / М. В. Абабурка, Т. І Тарасенка. – Магілёў : МДУ імя А.А. Куляшова, 2004. – 72 с.
2. Абабурка, М.В. Параўнальная граматыка беларускай і рускай моў : вуч.дапаможнік / М.В. Абабурка. – Мінск : Выш.шк., 1992. – 224 с.
3. Абрамава, Я.І. Функцыі антрапонімаў у рамане В.Быкава “Кар’ер”/ Я.І. Абрамава, В.С. Фаміна // Навуковая канферэнцыя, прысвечаная 70-годдзю народнага пісьменніка В.Быкава (Брэст, 27 снежня 1994 г.). – Брэст, 1996. – С. 30-31.
4. Анічэнка, У.В. Беларуская мова: дапам. для самаадукацыі / У.В. Анічэнка. – Мінск : Бел. навука, 1998. – 206 с.
5. Барысюк, У.У. Пра адну антрапанімічную адзінку ў аповесці “Знак бяды” / У.У. Барысюк // Навуковая канферэнцыя, прысвечаная 70-годдзю народнага пісьменніка В.Быкава (Брэст, 27 снежня 1994 г.). –Брэст, 1996. – С. 11-12.
6. Берднік, С. Уласна-лексічны выбар Васіля Быкава ў аповесці «Яго батальён» / С. Берднік // Жыццём і словам прысягаючы... : да 90-годдзя заслуж. работніка адукацыі Рэсп. Беларусь, д-ра філал. навук, праф. Міхася Яўгенавіча Цікоцкага : зб. навук. прац / пад агул. рэд. д-ра філал. навук праф. В.І. Іўчанкава. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2012. – С. 52–56.
7. Бузук, М.П. Мова твораў В.Быкава / М.П. Бузук // Асаблівасці развіцця літаратурнага працэсу ў Беларусі на сучасным этапе. – Мінск : Універсітэцкае, 1979. – С. 10-13.
8. Бычак, І.П. Сродкі выразнасці ў публіцыстыцы В.Быкава (метафара, эпітэт, параўнанне) / І.П. Бычак // Мова і літаратура у сярэдняй і вышэйшай школе. Актуальныя праблемы выкладання : Матэрыялы Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі. – Гродна, 2000. – С. 304-309.
9. Горегляд, Е.Н. Фразеологизмы в русском и белорусском художественном тексте: проблема перевода (на материале произведений В. Быкова) / Е.Н. Горегляд // Фразеологизм в тексте и текст во фразеологизме (Четвертые Жуковские чтения) : Материалы Международного научного симпозиума. 4-6 мая 2009 г. / Отв. ред. В.И. Макаров ; НовГУ им. Ярослава Мудрого. – Великий Новгород, 2009. – 384 с.
10. Даўбешка, Н.П. Лінгвістычны аналіз аднаго апавядання Васіля Быкава / Н.П. Даўбешка // Текст в лингвистической теории и в методике преподавания филологических дисциплин : материалы ІІ Междунар.научн.конф. 26-27 марта 2003 г. – Ч.2.– Мозырь, 2003. – С. 52-57.
11. Дзянісава, Н. Аўтарскія пераклады Васіля Быкава / Н. Дзянісава // Пераклад збліжае народы : матэрыялы міжнароднага “круглага стала”. (Мінск, 3-4 верасня 2001 г.). – Мінск, 2002. – С. 59-65.
12. Дзянісаў, У. Вельмі прыкметны кампанент. Эпітэт у пейзажных замалёўках Васіля Быкава / У. Дзянісаў // Роднае слова. – 1995. – №10. – С. 51- 55.
13. Дзянісаў, У.С. Эпітэт у мове сучаснай беларускай мастацкай прозы: Марфалагічнае выражэнне і лінгвапрагматычная характарыстыка : матэрыялы да спецкурса / У.С. Дзянісаў. – Магілёў : МДУ, 2003. – 41 с.
14. Емельяновіч, В.М. Уласныя асабовыя назвы ў аповесці Васіля Быкава “Жураўліны крык” / В.М. Емельяновіч // Навуковая канферэнцыя, прысвечаная 70-годдзю народнага пісьменніка В.Быкава (Брэст, 27 снежня 1994 г.). – Брэст, 1996. – С. 18-19.
15. Крот, М.М. Некаторыя асаблівасціўжывання эпітэтаў-прыметнікаў у мове мастацкай прозы В. Быкава / М.М. Крот // Инновации – 2005 : материалы XII Респ. студенч. науч.-практ. конф., 28 апр. 2005 г., г. Мозырь : в 2 ч. / Мозыр. гос. пед. ун-т ; редкол.: С.Б. Кураш [и др.]. –Мозырь, 2005. – Ч. 2. – С. 47-48.
16. Кулеш, Г.І. Мова твораў Васіля Быкава ў лінгвістычных даследаваннях / Г.І. Кулеш // Матэрыялы IV міжнародн.навук.канф. “Літаратура – мова – культура”. Да 80-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава (18-19 чэрвеня 2004 г.)– Мінск, 2005. – С. 245-252.
17. Лапіцкая, І.М. Лексічныя русізмы ў мове мастацкіх твораў В. Быкава / І.М. Лапіцкая // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. – 1989. – № 5. – С. 116–122.
18. Лапіцкая, І.М. Лексічныя русізмы ў мове мастацкіх твораў В.Быкава / І.М. Лапіцкая // Весці Акадэміі навук БССР. Серыя грамад.навук. – 1989. – № 5. – С. 116-123.
19. Мяснікова, В.А. Білінгвізм: практыка вырашэння ў мастацкім творы (на матэрыяле аповесці В.Быкава “Абеліск”) / В.А. Мяснікова // Веснік БДУ. Сер. 4. –1995. – № 1. – С. 59-61.
20. Новикова, Л.А. Фразеологизмы в произведениях В.Быкова в их русском переводе / Л.А. Новикова // Русский язык. – Минск : Университетское, 1984. – Вып.3. – С. 67-72.
21. Пажарыцкі, М. Мова твораў Васіля Быкава. Лінгвістычна-культуралагічны аналіз / М. Пажарыцкі // Роднае слова. – 2002. – № 1.– С. 41-45.
22. Сувалка, Т. Вобразнае азначэнне ў апошніх творах Васіля Быкава / Т. Сувалка // Мова – Літаратура – Культура : матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (да 80-годдзя прафесара Льва Міхайлавіча Шакуна), Мінск, 16–17 лістапада 2006 г. / Беларускі дзярж. ун-т ; у аўтарскай рэдакцыі. – Мінск : Права і эканоміка, 2007. – 654 с.
23. Сувалка, Т. Вобразнае азначэнне ў апошніх творах Васіля Быкава / Т. Сувалка // Мова – літаратура – культура : матэрыялы V Міжнар. навук. канф. (да 80-годдзя прафесара Льва Міхайлавіча Шакуна), г. Мінск, 16-17 лістап. / Беларус. дзярж. ун-т, Філал. фак. – Мінск, 2007. – С. 349-355.
24. Сушкевич, П.В. Антропонимы в переводе повести В.Быкова "Облава" на русский язык / П.В. Сушкевич // Язык и социум : Материалы IХ Междунар. науч. конф., 3 – 4 декабря 2010 г., Минск : В 3 ч. Ч. 3 / Редкол.: Л.Ф. Гербик (отв. ред.) – Минск : РИВШ, 2011. – С.209-212.
25. Сушкевіч, П.У. Безэквівалентная лексіка беларускай мовы ў перакладзе твораў Васіля Быкава на рускую мову / П.У. Сушкевіч // Веснік БДУ. Сер. 4. – 1994. – № 1. – С. 53-55.
26. Тарасенка, Т.І. Асаблівасці аўтарскай мовы ў творах В. Быкава / Т.І. Тарасенка // Весн. Магілёўс. дзярж. ун-та. – 2004. – № 2/3 (18). – С. 108-113.
27. Тарасенка, Т.І. Моўна-стылявыя асаблівасці твораў В.Быкава / Т.І. Тарасенка // Пісьменнік – мова – стыль : тэзісы дакладаў і паведамленняў міжнар.навук.канф., прысвечанай 70-годдзю праф. Л.М.Шакуна (17-19 верасня 1996 г.). – Мінск, 1996. – С. 131-134.
28. Тычына, М. Пад знакам Быкава / М. Тычына // Васіль Быкаў. Выбраныя творы. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2004. – С. 3–12.
29. Хмелевская, Е.С. Наблюдения над лексикой повести В.Быкова “Абеліск” и ее перевода на русский язык / Е.С. Хмелевская // Русский язык. – Минск : Университетское, 1984. – Вып.3. – С. 57-65.
30. Чарнышова, А.М. Семантычныя асаблівасці моўнага выражэння візуальнага кантакту ў творах Васіля Быкава / А.М. Чарнышова // Мова і літаратура ў ХХІ стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання : матэрыялы II Рэсп. навук.-практ. канф. маладых вучоных, Мінск, 22 сак. 2013 г. / адк. рэд. : П. І. Навойчык ; Беларус. дзярж. ун-т. – Мінск : Выд. цэнтр БДУ, 2013. – C. 305–309.
31. Чарнышова, А.М. Структурна-семантычная парадыгма невербальных сродкаў зносін у мастацкім тэксце / А.М. Чарнышова // Известия Гомельского государственного университета им. Ф. Скорины. – 2011. –№2(65). – С. 53-55.
32. Шаломская, І.У. Стылізацыя змешанага маўлення ў аповесці В. Быкава “Абеліск” / І.У. Шаломская // Працы кафедры сучаснай беларускай мовы. Выпуск 8. – Мінск : РІВШ БДУ, 2009. – C. 153-155.
33. Шведава, З.У. Майстэрства выкарыстання фразеалагізмаў у мове аповесцей В. Быкава / З.У. Шведава // Изв. Гомел. гос. ун-та. – 2012. – № 1. – С. 201–206.
34. Якжык, В.В. Асаблівасці функцыянавання ваеннай лексікі ў межах мастацкага тэксту (на матэрыяле прозы В.Быкава) / В.В. Якжык // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя : матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі (Мінск, 22 – 24 кастрычніка 1997 г.). – Мінск, 1998. – С. 283-285.